Para bellum (апавяданне)

Ідэя гэтага невялічкага апавядання выношвалася цягам 2016 года, а напісалася ў лютым 2017 года.  

©Малюнак Гайнца Байера
©Малюнак Гайнца Байера

 

А цябе натхняе зброя.

«Зброя, — кажаш, — гэта воля!

А без волі нам не жыць

і Радзіме не служыць».

                                  Анатоль Сыс

Зброя мяне вабіла ад самага маленства. Яшчэ зусім нядаўна падавалася, што я добра ведаю, чаму яно так. Дасканаласць простых, і ў той жа час ідэальных лініяў і формаў, паліраванае далонямі высокароднае дрэва прыклада і ложы вінтоўкі, ледзь бачная гравіроўка на метале старадаўніх стрэльбаў, прыгажосць і зручнасць дзяржальні, якую бясконца хочацца сціскаць пальцамі. А шызы бляск рулі ружжа, ці рэвальвернага барабана! Ну як не дакрануцца, як не прыняць у рукі, зліцца з гэтым дзівосна прыгожым і небяспечным творам збройнага мастацтва…

Зараз мне за пяцьдзесят, узрост пэўнай сытасці і задаволенасці сабой, аднак нечага важнага не хапае, нешта не дае спакою, час ад часу вярэдзіць думка: “Ну як ты жывеш? У цябе – аніякай зброі, а-ні-я-кай, нават лядашчага абрэзу няма. Які ты мужчына, які абаронца?” Часам у галаве ўсчынаецца вэрхал: розум ліхаманкава пачынае вышукваць таемныя вытокі мітуслівай незадаволенасці, ашмоцці ўспамінаў цягнуць мяне ў … не, не ў дзяцінства, вядуць мяне да бацькі. Вось і на гэты раз я прыйшоў да яго, на знаёмы абрывісты бераг Дняпра…

– Здароў, татка!

– Гэта ты, сынок? Здароў! Прыйшоў-такі… Відаць, нешта незвычайнае здарылася, мо ўляпаўся ў гісторыю? Штосьці натварыў? Прызнавайся. Ці прысніўся я табе зноўку абы як?

– Ды не, я проста так…

– Хлусіш… Ты ж проста так на могілкі да мяне не прыходзіш.

– Ну, калі ўжо хочаш ведаць… Слухай… Памятаеш, ты выхваляўся колькі разоў, даўно, калі я бегаў у школу, а ты… ты яшчэ жывы быў, пра трафейны варанёны парабелум. Ну, той, чорны, са зламаным засцерагальнікам. Яшчэ ты ўзгадваў нейкую круглую азярынку на ўскрайку Холмеча, дзе нібыта ён закапаны, памятаеш?

– Ну… Можа і казаў нешта такое, хіба цяпер успомніш, ды і што табе з таго?

– Дык ты тады не маніў, сапраўды быў той парабелум?

– Можа і быў, толькі нешта я не разумею, навошта ты пра яго ўзгадваеш цяпер.

– А натошта! Можа ён яшчэ недзе там ляжыць, не зусім іржавы, гэта ж, ведаеш, зараз які каштоўны рарытэт.

– Вось да чаго ты хіліш, цябе ізноў пацягнула да зброі. Я думаў, што дзяцінства ў сына даўно скончылася, а ён па-ранейшаму прыгодаў шукае. Скажу так: быў ён, ці ня быў, цябе гэта хваляваць не павінна. Усё. На гэтым кропка.

– Эх ты… нічога не разумееш. Твой парабелум цяпер і не зброя зусім, а так, цацка, іржавая бяспечная цацка. Антыкварыят, можна сказаць, музейны экспанат… Наўрад ці ім можна скарыстацца па прызначэнні.

– Твае экспанаты мне даўно вядомыя. Скажы лепей дзякуй, што я малога цябе пазбавіў ад няшчасця – ад абрэзу “мялкашкі”, які ты хаваў пад хлевам, каля вінаградніку. Што, думаеш, я тады нічога не ведаў? Дзякуй цяпер кажы, што не ўліп, што чалавекам застаўся, а мог бы шкоду ўчыніць, загрымець на нары, паэта сраны… Лічы, пазбавіў цябе ад прыгодаў дурных, во.

– Ага, вось яно што! Мае даўнія падазрэнні спраўдзіліся: тады, у школьныя гады, абрэз знайшоў бацька, болей ніхто не мог, ціхенька знайшоў і забраў, здагадваўся, відаць, пра мой небяспечны і нечаканы набытак. Толькі чаму нечаканы?

Летам, пасля восьмага класу, калі мы з аднагодкамі цешыліся выбухамі ды рознымі самаробнымі стралялкамі, спрадвеку падпіты Васіль з суседняй вёскі, цішком паказаў мне абрэз, выраблены са звычайнай дробнакалібернай вінтоўкі ТОЗ-8. У яго была кароткая руля і напалову адпілены прыклад. Я шалёна загарэўся займець тую стралялку любым коштам і праз некаторы час Васіль згадзіўся-такі аддаць абрэз за 70 рублёў. Грошы былі вялікія, дзе іх ўзяць? Як здабываліся тыя сем чырвонцаў – асобная гісторыя. Цэлы месяц апякаў рукі на цагляным заводзе, здымаючы з канвеера пасля печы пунсовыя цагліны, шнырыў па начах у калгасным садзе, цішком страсаючы няспелыя яблыкі, каб потым здаць іх нарыхтоўшчыку Доўжыку.

І вось абрэз мой, а з ім – першыя млосна-салодкія прылівы адрэналіну, захаплення і ледзь улоўнага адчування небяспекі: “А раптам хто заўважыць зброю, а раптам адбяруць бацькі?”. Разам з абрэзам з’явіліся новыя клопаты: дзе прыдбаць патронаў, куды схавацца, каб настраляцца ўволю, але неяк тыя хвалюючыя клопаты вырашаліся. Сыходзілі з суседам пад гару на раздольныя дняпроўскія лугі, ці ў глухі забалочаны алёс. Там і адводзілі душу, лупцуючы па бляшанках з-пад кансэрваў. Праўда нядоўга, бо абрэз нечакана знік праз пару месяцаў, знік бясследна з надзейнай, як падавалася тады, хованкі.

– А ці ведаеш хоць, колькі ён каштаваў, абрэзік мой, ці як грошы на яго даставаліся? Нябось закапаў недзе, як свой парабэлум, няхай гніе таксама?

– Было б там што закопваць! Утапіў я яго, адвёз на чаўне ў Евінскую затоку і булькнуў на дно. Туды яму і дарога.

Я на імгненне адчуў, як цела пакрывае гусінай скурай,  міжволі дакрануўся рукой да вялікага пальца на левай руцэ, намацаў пад скураю цьмяны і цвёрды грудочак – даўнюю свінцовую драбінку, якая захрасла ў целе пасля выпадковага ранення.

Падлеткамі, разам з цёзкам-суседам, увязаліся прыцемкамі ў дурацкую бойку “вуліца на вуліцу”, якія колісь здараліся ў вёсцы. Нас – двое, яны – утрох. І раптам позірк мой умітуль зафіксаваў штосьці нестандартнае, спрацаваў адвечны інстынкт самазахавання: рукою я машынальна прыкрыў твар. Пугаўём ляснуў стрэл, шрот часта шчоўкнуў па пахілым плоце. І ўжо адбегшыся ды перавёўшы дых, я заўважыў кроў на вялікім пальцы левай рукі. Ранка хутка загаілася, а на пальцы застаўся шэры шнарык. Я часта яго абмацваю, адчуваючы, як пад скураю перакотваецца тая драбінка свінцу.

– Што маўчыш? Крыўдзішся мо? Дык я табе болей скажу… Я табе прыгадаю тулку дзедаву, якую ты, засранец, аддаў міліцыі. А ці мала ты з ёй па лузе гойсаў ды качак свойскіх лупіў з двух ствалоў?! Альбо забыўся, чаго мне каштавала суседзяў улагодзіць, каб заяваў не пісалі пра вашыя дурныя пабоішчы? Ну падумаеш, стрэліў тады бацька праз расчыненае вакно ў неба некалькі разоў, адсалютаваў добраму настрою. Дык ты, яшчарка бясхвостая, здаў мяне, здрадзіў, уплюшчыўся на гарышча і выцягнуў двухстволку, карміліцу маю. Забыўся хіба, колькі бацька перацягаў з ёю дзічыны: зайцоў, качак ды гэтых, як іх там, курапатак. Знайшоўся Паўлік Марозаў на маю галаву.

А цяпер вось ты пра парабелум узгадваеш.  Лічы, няма яго болей, прыдумаў я ўсё.

– Не мані, не мог ты прыдумаць, вельмі ж дакладна распавядаў пра возера тое, пра бляшанку нямецкую з-пад патронаў, у якой парабелум закапаў на беразе, пад вярбою.

– Усё, адчапіся ад мяне. Парабелума захацеў… Ён жа не цацка, гэта рэч небяспечная, баявая. Я ж яго ў салідол, лічы цалкам, укатаў. Хіба толькі патроны прыйшлі ў нягоднасць. Не будзе ён тваім. Давай, едзь лепей назад, у свой Мінск, нагаварыліся. Лепей во, чуеш, улетку прыязджай, рыбы на Дняпры паловіш, дзяцей вазьмі. А зброя, сынок, гэта не для цябе.

– А ты што, анёлам хіба быў? Ладна, я ў дзяцінстве дурай маяўся. А сам што вырабляў, забыўся мо? Дык нагадаю. Памятаеш, з-за чаго цябе паперлі з чыгуначных ахоўнікаў? Узгадай жа, як у Бахмачы вы, гора-ахоўнічкі, скралі з чыгуначнай цыстэрны рондаль спірту і ты, не дайшоўшы пару крокаў да каравулкі, ляснуўся проста на пуцях, а твой раздзяўбаны рэвальвер сістэмы «Наган» 1893 года, падабраў чыгуначны абходчык і вярнуў начальніку каравула. Каб наган не знайшоўся тады – загрымеў бы сам на нары. А цяпер вось вучыш тут мяне…

– Ты бацьку не маеш права судзіць, я працаваў, грошы зарабляў, каб цябе смаркача, выгадаваць, даць адукацыю. Ды і пра мёртвых не кажуць дрэнна.

– Ага, а як жа, гадаваў ты… І тады, як ваенныя склады пад Гомлем ахоўваў, так-так, калі вочы заліўшы партвейнам і намяртва ашчаперыўшы цаўё карабіна СКС пальцамі, у лесе растрэльваў ва ўпор маладыя сосны, пакуль вас, знепрытомнелых ад п’янства “вольных стралкоў”, міліцыянты не абяззброілі, і без працы пакінулі. Досыць ужо па вушах ездзіць.

Тры пакаленні: бацька Анатоль Сыс, дзед Міхась Сыс і я, таксама Сыс
Тры пакаленні: бацька Анатоль Сыс, дзед Міхась Сыс і я, таксама Сыс

Я дастаў з кішэні пачак цыгарэтаў, прыпаліў…супакоіўся…

Унізе, пад гарою, плаўна і ляніва выгінаецца Дняпро, за ім старое рэчышча, азярыны, прамыіны, лазнякі ды чаратовыя джунглі. Як для недасведчанага – сапраўдныя лабірынты. Гэтая таемная тэрыторыя вядомая мне змалку і таму мне хораша зараз аглядаць рачныя краявіды, сваю сапраўдную радзіму. А далей на ўсходзе патанаюць у лёгкай смузе някошаныя лугі, рысу якім падводзіць цемная сцяна глухога лесу. Трывожны цяпер той лес, небяспечны. Кажуць, зашмат там развялося ваўкоў, нават і ў грыбы схадзіць боязна…

– На! Пакіну табе цыгарэтку, на сподку з цукеркамі, што з Радаўніцы засталіся, пакурыш мо калі…

Не, цяпер разумею, эстэтычная прываблівасць зброі, відаць, тут ні пры чым. Мусіць, іншая прычына ёсць, нешта такое, неасязальнае пакуль, што неадольна цягне да ствалоў. Гэта ж калі задумацца, ды супаставіць усялякія жыццёвыя моманты, дык што атрымліваецца?

Вось першы выразны ўспамін. Лета. Зграя падлеткаў латошыць чужыя гароды. Я ў ірваных кедах на босую нагу і на ўвесь экран – сапраўдная вінтоўка Мосіна, такая даўжэзная, што прыцэл працінае, здаецца, далёкі суклон неба. Апошні бліскучы патрон у суседа ў руках і стрэл “вінта” ў дняпроўскія далягляды. Можа якраз тады і падчапіў я гэтую невылечную хваробу – спакусу валодання агнястрэльнай зброяй.

Затым – ярка і незабыўна – войска, дзе адрозна ад большасці салдацікаў, мне пашэнціла дасхочу перасмыкаць затворам “калаша”, абстрэльваючы з глухой засады ці ў час начных дыверсій “зялёных” кадэцікаў вайскавой вучэльні. Халастымі, вядома. Была і больш небяспечная спакуса: заступіўшы на далёкі пост у каравул, разануць з АКМ баявымі, чаргой, у сівую далеч карэльскіх сопак. Галоўнае – магазін потым дапоўніць да законных трыццаці патронаў. Любіў моцна я свой АКМ, любіў не зважаючы пры гэтым на тое, што маім ён ніколі не будзе.

Пра што тая любоў? Пра тое, як усе мішэні валіў пад час стрэльбаў на палігоне – і на 100, і на 250 метраў. А нарматывы па зборцы-разборцы! Гэта ж проста песня! 8 секунд і на стале ў казарме – радочкам – усе дэталі аўтамата, яшчэ 16 секунд – АКМ гатовы да стральбы. Хто яшчэ так хутка мог спраўляцца з аўтаматам – не ўзгадаю нават. Я й дагэтуль памятаю нумар улюбёнага баявога сябра: ХН1192.

Толькі мала было двух даўжэзных вайсковых гадоў, каб уволю нацешыцца небяспечнымі забаўкамі. Ці не таму пасля дэмбеля ўладкаваўся ў вясковую школу ваенруком? Тут я ўжо пазабавіўся напоўніцу, праўда арсенал мой быў спрэс дробнакаліберны: звычайныя спартова-трэніровачныя вінтоўкі ТОЗ-9 і ТОЗ-12. Затое ў поўным распараджэнні быў стралковы цір і неабмежаваная колькасць залацістых патрончыкаў. Гэткая ціхая і непрыстойная радасць памяркоўнага беларуса.

Нізка слаліся, куляліся з гары далёка за Дняпро пухнатыя аблокі, бяскрыўна забіраючы ў палон сонца. Цені аблокаў размывалі на нейкія хвіліны бліскучы бацькаў партрэт на мармуровым надмагільным помніку. Гэтак жа, як наплываючыя на асветлены пагорак цені, набягалі і набягалі на мяне ўспаміны. Я страсянуў з джынсаў некалькі дзьмухаўцовых парашуцікаў, размінаючы зацёкшыя ад доўгага сядзення на кукішках ногі.

Што было яшчэ… Важкі, як марудная смерць, шасцізарадны газавы рэвальвер, набыты яшчэ падчас кірмашовай экспансіі беларусаў на Польшу. Ён мог бы застацца са мной і дагэтуль, каб не пальцы, якія неадольна цягнуліся да курка, зачаравана круцілі барабан з яркімі фланцамі бліскучых патронаў. Частка боезапасу ў выглядзе халастых і бяскрыўдных патронаў скончылася досыць хутка, тады я перайшоў на іншыя, начыненыя слезацечным газам. І неяк на гарадской плошчы пад навагодняй ялінай мой рэвальверны салют нечакана завяршыўся вялікай праблемай: плакалі, хапаліся за твар дзеці, церлі вочы дарослыя і апафеозам – банальны мардабой. Дзякуй, што міліцыю не выклікалі. Праз некалькі дзён рэвальвер тэрмінова прадаў ахоўніку ювелірнай крамы – прыняў рашучы жончын ультыматум. Ды і не шкадаваў аб тым многа. Бо трымаў у далоні і лепшае: гладкі, з храміраваным ствалом пісталет Сцечкіна – сапраўднага монстра, якога не кожны і ў вочы бачыў. Нават магазін ягоны, на дваццаць патронаў, было, спустошыў, праўда ў мішэнь амаль не патрапіў, тут жа спрыт адмысловы патрэбны.

– Дзе ты там? Не сыйшоў яшчэ? Не крыўдуй, сын, не будзе ў цябе зброі. Я ж не Астап Бэндэр, і парабелума табе не дам.

– Ну, калі па-твойму будзе лепей, каб ён у церуху іржавую ператварыўся…

– Чаму ў церуху? Не сказаў адразу, прабач, ён жа тут цяпер, са мной. З парабелумам неяк і на тым, дакладней на гэтым, свеце спакайней. А вось ты так і не патлумачыў уцямна, навошта табе гэта… Хаця і не цяжка  здагадацца: para bellum? Так?

– Гэта ты, татка, нічога не зразумеў… Ваўкоў развялося вакол багата, галодных чужых ваўкоў…

Люты, 2017.