Гомель у творчасці Сяржука Сыса: шляхі ўзаемаспасціжэння

Гомель з вышыні птушынага палёту. Фота Дзяніса Свірыдзенкі, govorim.by
Гомель з вышыні птушынага палёту. Фота Дзяніса Свірыдзенкі, govorim.by

Даволі эсклюзіўная спроба інтэрвію для гомельскіх даследчыкаў паэтычнай творчасці.

1 Якую ролю адыграў горад Гомель у станаўленні Вашай творчай асобы?

Горад над Сожам – адзіны і непаўторны, ён прыйшоў у маё жыццё ў падлеткавым узросце, заклаўшы пры гэтым асновы не толькі жыццёвае мудрасці, але і разуменне прыгожага, паэтычнага, філасофскага. Стасункі з гэтым горадам складаліся вельмі няпроста: пражыўшы ў Гомелі з кароткімі перапынкамі амаль 30 гадоў, магу адзначыць некалькі перыядаў нашага творчага сімбіёзу.

Напачатку быў перыяд спасціжэння адно аднога, чалавека і горада. Гэта час, калі я, скончыўшы вясковую школу ў Заспе, паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт у 1979 годзе. З’явіліся першыя сябры, таленавітыя і творчыя асобы: паэты Анатоль Сыс, Эдуард Акулін, Вольга Куртаніч, Алесь Бяляцкі (Так-так, ня трэба здзіўляцца. Вядомы літаратуразнаўца, публіцыст, грамадзкі дзяяч і праваабаронца ў тыя часы таксама пісаў вершы). Менавіта тады ў мяне пачалося сур’ёзнае захапленне паэзіяй, сталі з’яўляцца першыя творы, у якіх так ці інакш Гомель даваў аб сабе нейкую пазнаку:

Спакваля адбомкалі каштаны,

Пляж за Сожам – сумны і пусты,

Жаўтаваты, полымна-барвяны

Паліць парк куродымна лісты…

(1981)

Заўважым: Гомель тут – лірычна-настраёвы, яго апісанне сімвалічнае: пляж за Сожам, парк. Гэтыя канкрэтныя прыкметы Гомеля яшчэ неаднойчы ўсплывуць у паэтычных радках, перш чым з’явяцца нейкія супярэчнасці ў нашых з горадам стасунках.

Затым была служба ў войску ў Карэліі і вяртанне з Лехтусі ў Гомель у 1983 годзе. Іншыя думкі, іншыя адчуванні і раздвоенасць у пачуццях, якая неаднойчы будзе праяўляцца ў вершах, звязаных з горадам. Гэта спробы вярнуцца да прыроды, у дзяцінства, пошукі гэтага ў гарадскіх пейзажах:

У горадзе шэрым,

квадратна-кубічным,

усцяж паралельным

і скрозь сіметрычным,

дзе сціплае сонца

з-за гмахаў звісае,

і промні, што дзіды,

туман прабіваюць,

дзе коміны неба

паранілі дымам,

дзе пахне мазутам,

іржой і бензінам,

скрозь панцыр асфальту,

праз тоўшчу бетону,

прабіўся да сонца

парастак

клёну.

Умоўна трэці перыяд таксама звязаны з маёй адсутнасцю ў Гомелі. Два гады я правёў на Жлобіншчыне: настаўнічаў на вёсцы, працаваў у раённай газеце журналістам. Па вяртанні ў Гомель я зразумеў, што вярнуўся сюды не госцем, вярнуўся дадому.

У шматлікіх вершах таго часу – а пісалася плённа і шмат – Гомель  з’яўляецца не толькі ў нейкіх пазнавальных вобразах і канкрэтыцы, але і апасяродкавана: (Вершы “Тапаліная  завея”,Хутка тут, між абрыдлых дамоў гарадскіх…”, “Скончыцца праца…”, “Парк па-над Сожам”).

Я стаюся гамяльцом, а Гомель стаецца часткай мяне самога, і гэта прыкметна ўплывае на ўсю творчасць. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Захапіўшыся “Гомелем паэтычным”, я некалькі год збіраў паэтычныя творы пра горад, каб зрабіць адмысловую анталогію вершаў пра Гомель. На жаль, я не змог давесці гэтую справу да фіналу, аднак гомельскае выдавецтва “Барк” падхапіла маю ідэю, і такая анталогія выдадзеная некалькі гадоў таму.

Больш за дзесяць гадоў я жыву далёка ад Гомеля, у Мінску. А ў Гомлі здараюся перыядычна, паволі забываючыся на яго. Вобраз горада пакрысе туманніцца, хаваецца ў рамантычных карунках настальгіі, але цалкам не знікае. Гомель прарастае ў вершах даўнім сімвалам, пазнакаю дарагога мне месца і нейкай адпаведнай настраёвасці (вершы “Паміж Гомелем і Мінскам”, “Вужыная поўня”, “Уцёкі ў Парыж”ды інш.). Часам гэта – проста боль за нешта страчанае, як гэта добра бачна ў вершы “Таполі”, напісаным зусім нядаўна, у 2016 годзе:

Спілавалі юнацтва маё, 
спілавалі таполі…
Толькі пні з-пад асфальту
ды страшкія сны.
Гэта, ведаеш, дзетка,
мой страчаны Гомель,
Гэта вечка маёй
непазбежнай труны.

2 Якім чынам у Вашай вершатворчасці асэнсоўваецца свет гарадской рэчаіснасці і адлюстроўваецца ўрбаністычны пейзаж Гомеля?

Элементы гарадской рэчаіснасці ў паэзіі прайшлі доўгі і пакручасты шлях эвалюцыі: праз элементы любові і надзеі на гармонію, да непрыняцця і, урэшце, да мудрага змірэння з ім і суіснавання. Вось як гэта лесвічка выглядае.

Напрыклад – верш “Святы вечар”:

Гомель, стамлёны за год, палагоднеў…

Дай жа яму адпачыць ад хады,

Боскае міласьці дай хоць сягоньня,

Вечар калядны, вечар сьвяты!

Хораша як тут, у парку над Сожам,

Срэбрам гараць над ракою масты,

Плечы капліцы асьнежаны гожа…

Вечар калядны, вечар сьвяты!

 Ў небе асмужаным соймішчы зораў

Рдзіста раздзьмулі наўсцяж халады.

Месяц блішчыць над званіцай Сабора:

“Вечар калядны, вечар сьвяты!”…

Можна заўважыць, што тут вобраз горада перадаецца праз шкельца  святочнага настрою, няма ні следу прыкметаў “шэралобага і няўтульнага” горада, “брыкецін дамоў”, “шэрабетонных грудаў”, ды іншых урбаністычных праяваў.

Далей у “гомельскай” тэматыцы пачынае з’яўляцца самота і пэўнае расчараванне, прыкладам, верш “Некалі ўтульны, птушыны, зялёны..”, альбо “Мясцовы час”:

Мясцовы час…

нясьпешны плёскат Сожа,

спагада позіркаў, што ловіш незнарок,

на скрыжаваньні выцьвілы ларок,

язьмін ды бэз за кожнай агароджай.

Жанчына размаўляе з галубамі, 

“Пятра і Паўла” ціхі перазвон,

пах ежы з незачыненых вакон…

мясцовы час,

як вытрываць экзамен….

Часам Гомель паўстае ў вершах чыста схематычна, праз дакладную канкрэтыку пазнавальных рэчаў, як, да прыкладу, гэта выразна праглядаецца ў творы “Прадчуванне вясны”:

Па Савецкай – пункцірнай лініяй –

Альма-матэр, Спартак і Ратуша,

Сквер Грамыкі ды парк надзей,

Дзе Сабор да званіц заінены,

Дзе мароз аж хапае за душу,

Як няпрошаны госьць-дабрадзей.

Тут, над Сожам, ільдом абложаным,

Зіхацяць успамінаў водбліскі…

І дзяўчыначка, што вясна…

альбо “Скарынічанкі”:

Паўз “Спартак”, ля касьцёла,

                          пад шыльдай “Гарант”

Аджываю нанова жыцьцё

                                        кожны ранак,

Як гляджу на чароўны дзявоцкі парад

Па Савецкай, скарынічанак….

Паэту яшчэ верыцца, што злюбіцца, што горад станецца гарманічнай часткай ягонай душы, ды ўсё часцей і часцей прарываюцца ноткі незадавальнення:

Тут будовы са шкла і бетону

Напаўзьлі і навісьлі на сэрца,

Геаметрыя вуліц-загонаў,

Непрыветных для чужаверцаў.

(верш “Настальгія”)

Ці вось так:

Хутка тут,

Між абрыдлых

Дамоў гарадскіх,

Паўзадушаных хваткай

Бязьлітасных вуліц,

З-пад асфальту ўзаўецца

Зямля на дыбкі,

І надзеяй мяне,

І пяшчотай атуліць.

(1991).

Але Гомель наступае, яго нельга перайначыць пад сябе, ён не надта паддаецца паэтычнай дрэсіроўцы:

Афішы змываючы з твараў вітрынаў,
Людзей заганяючы з боем пад дахі,
Ліпень залеву на Гомель абрынуў –
Водар лазы ды аерныя пахі.

Стома сплывае з праспектаў руплівых,
Перапыняюцца пульсы артэрый,
І выбягаюць пад дождж нецярпліва
Людзі паслянавальнічнае эры…

Зрэдчас паэтычнае асэнсаванне Гомеля пераламляецца праз камічны кантэкст. Прыкладам – верш На могілках, што называюцца ў Гомелі паркам..”

У маім паэтычным зборніку “Павук” адзін з раздзелаў мае красамоўную назву “Чужыя гарады”. Больш за два дзесяткі вершаў прысвечаныя самым розным гарадам: Мінску, Вільні, Берліну, Смаленску, Беластоку ды іншым. І толькі адзін з іх, ды і то, відаць, выпадкова – Гомелю. Бо ён мой, не чужы.

Лаканічнымі словамі прафесара-літаратуразнаўцы Арнольда МакМіліна абагульняю апісанне  свайго паэтычнага крэда – “правінцыйны гараджанін”.

3 Як Вы можаце акрэсліць ролю паэтаў Гомельшчыны ў развіцці  сучаснага літаратурнага працэсу Беларусі?

Пытанне глабальнае і патрабуе вялікіх даследчыцкіх высілкаў. Адкажу пункцірна.

Як гэта не дзіўна, але спрадвеку Гомельшчына найбольш славілася празаікамі, не надта шанцавала тут на сваіх Купалаў ды Багдановічаў.

Аднак, час ад часу здаралася…

Прыгадваюцца радкі з жартаўлівага верша пісьменніка Леаніда Дайнэкі:

“…на Палессі тры Іваны,

На Палессі два Сысы..”

Лёгка здагадацца, што тут узгадваюцца Іван Навуменка, Іван Мележ ды Іван Шамякін. А з Сысамі таксама проста – Анатоль Сыс і Сяргей Сыс (відаць авансам мяне сюды залічылі).

Калі казаць пра нейкія ролі паэтаў Гомельшчыны асязальнага часу, варта адзначыць неаспрэчную любоў да гэтай зямлі, апяванне хараства роднага краю ў іх творах. Пачынаючы ад Анатоля Грачаннікава, які ўславіў родную Шарпілаўку і Сож, паэты-сучаснікі Віктар Ярац, Анатоль Сыс, Ларыса Раманава, Эдуард Акулін, Ніна Шклярава ды і многія іншыя зрабілі свае родныя мясціны пазнавальнымі на паэтычнай мапе Беларусі.

Што тычыцца развіцця сучаснага літаратурнага працэсу, найбольш істотнай мне падаецца творчасць паэта-бунтара, паэта-апокрыфа Анатоля Сыса, які акрамя наватарства тэматычнага, прывіваў да дрэва паэзіі свежыя паэтычныя формы. Варта прыгадаць ягоныя “маналогі”. У ягоных вершах па-новаму загучала беларускае слова, выяўляючы часамі новы сэнс, новае лексічнае адценне. Сыс вельмі беражліва ставіўся да беларускай мовы, сваімі творамі змушаючы многіх прыняць і закахацца ў яе.

Нацыянальна-адраджэнская плынь у паэзіі дзякуючы творчасці Анатоля  Сыса пашырылася, завірыла, набыла новых прыхільнікаў і паслядоўнікаў.

Гэты сцяг годна падхапіў паэт Эдуард Акулін. Ягоная грамадзянска –патрыятычная лірыка ўвасобленая ў многіх песнях, якія выконвае як сам аўтар, так і іншыя выканаўцы. Паэт таксама шмат эксперыментуе з паэтычнай формай, удыхаючы свежае паветра нават у класічныя і напаўзабытыя формы вершаскладання.

“Шаманскія”, фальклорна-філасафічныя вершы Ларысы Раманавай – цікавы і напаўторны стыль, які прыйшоўся даспадобы многім аматарам паэзіі.

“Класічная” ў добрым сэнсе паэзія Сяргея Сыса шмат у чым сутнасная і экзістэнцыйная. Як пісаў пра аўтара прафесар з Ангельшчыны Арнольд Мак-Мілін, “ягоная лірыка, як правіла, моцная, музычная, часам прасякнутая змрочным гумарам. Вершы пра прыроду часам маюць філасофскі ці фальклорны ўхіл, і хоць паэт называе сябе правінцыйным гараджанінам, яго прыцягвае таямнічасць і нават небяспека, стоеная ў свеце прыроды, перадусім мудрасць, што можа там адкрыцца.

Таямнічай лясной кветкай пакрысе раскрываецца паэтычны талент паэткі з Рагачова Насты Кудасавай, якая яшчэ ў творчым пошуку, але ўжо заявіла пра сябе смелымі вобразамі, цікавай рыфмай.

2016 г.