“Тутэйшыя”: кароткі век, ды доўгая памяць

Недзе ў сярэдзіне снежня спаўняецца 30 год Таварыству маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Насамрэч, у “Таварыства..” маладыя і амбітныя творцы аформіліся крыху пазней, у 1987 годзе, аднак менавіта ў снежні 1986-га ўпершыню прагучала ідэя аб’яднаць на творчай глебе адраджэнцаў і прадстаўнікоў новай генерацыі літаратараў.

Алесь Бяляцкі ў кнізе артыкулаў і эсэ «Асвечаныя Беларушчынай»  прыгадвае, што: “…ў снежні 1986 года ў пакоі Анатоля Сыса ў інтэрнаце на Авангарднай упершыню сабралася шэсць маладых літаратараў, якія запачаткавалі Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, якое адыграла значную ролю ў творчым і дэмакратычным жыцці Беларусі напрыканцы 80-х гадоў.“

У маім, дагэтуль неспарадкаваным як след архіве, знайшлося некалькі цікавых дакументальных сведчанняў таго часу, якія змяшчаю тут, дадаўшы да іх кароценькія тлумачальныя каментары.

У лісце, які я атрымаў 18 снежня 1988 года, Алесь Бяляцкі піша пра публікацыі твораў сябраў літаб’яднання “Тутэйшыя”, якія рыхтуюцца ўбачыць свет у бліжэйшы час:

“Чытай ЛІМ” за 19-га пра “Тутэйшых”, чытай пра іх жа “Зьвязду», у бліжэйшых нумарох нешта будзе. Ад цябе просьба напісаць заяву ў таварыства… Глядзі, хутка вершык твой будзе ў Чырвонцы, ён жа пойдзе і ў альманах…”

Маецца на ўвазе – зборнік пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца “Тутэйшыя”. Творчасць сябраў таварыства”, які ўбачыў свет толькі ў 1989 годе.  Туды быў уключаны толькі адзін верш пад назвай “Ноч. Павуцінне сноў”, які як бы  стаўся эпіграфам да ўсёй кнігі.

Паштоўка Алеся Бяляцкага Сяргею Сысу. 1987 год. Фота з архіву аўтара.
Паштоўка Алеся Бяляцкага Сяргею Сысу. 1987 год. Фота з архіву аўтара.

 

Паштоўка, якую даслаў Анатоль Сыс 22 студзеня 1988 года ў Дабрагошчу, Жлобінскага раёна, дзе я на той час настаўнічаў. Анатоль распавядае пра хуткія публікацыі сябраў “Тутэйшых” ў СМІ і запрашае дасылаць вершы для альманаху.

“Сяргей, прывітаньне!.. і жонцы таксама, і дачцы!

Твой верш “Бард” у канцы студзеня будзе ў “Чарвіўцы” [газета “Чырвоная Змена”. Аўт].

Дашлі ў альманах такога ж кшталту. “Як вецер гайдаў алешыны…”, “Ня вый у коміне…”, “Густы змарожаны..”, “Хачу быць першым..”, “Губляе слёзы стэарын…”, “Дварняку”– гэта ўсё лухта! Пакуль для альманаху выбралі “Патанулі ў памяці полымныя дні..” Няблагія два вершы. Калі за год будзеш пісаць па столькі, пад сьмерць будзе файная ксёнжка.

Карацей – у альманаху ты не павінен падвесьці нашае прозьвішча. Дасылай новыя вершы. Хутчэй!

Да пабачэньня! Анатоль!

А знізу рукою Алеся Бяляцкага зробленая прыпіска, відаць быў у гэты час недзе побач з Сысом.

“Вітаю Сыса! Як справы! Як ПВП? [Пачатковая ваенная падрыхтоўка. Аўт]

Алесь Б”.

Праглядаючы паштоўку – захваляваўся. Цікава было вярнуцца ў той далёкі час. Асабліва кранулі назвы вершаў, якія пералічвае Анатоль Сыс, паколькі большасць з іх страчана незваротна і нават памяць не захавала асобных радочкаў. Відаць, і сапраўды была “лухта”.

Паштоўка Анатоля Сыса Сяргею Сысу. 1988 год. Фота з архіву аўтара.
Паштоўка Анатоля Сыса Сяргею Сысу. 1988 год. Фота з архіву аўтара.

Наступная паштоўка, дасланая Алесем Бяляцкім, якая выпадкова знайшлася ў асабістым архіве, напісаная сухім дзелавым стылем. Па-сутнасці, гэта запрашэнне на рэспубліканскую нараду сябраў “Тутэйшых”, прызначаную на 15 траўня 1988 года.

Паштоўка ад Алеся Бяляцкага Сяргею Сысу 1988 год. Фота з архіву аўтара.
Паштоўка  Алеся Бяляцкага Сяргею Сысу. Фота з архіву аўтара.

Літаратурная старонка “Крыніцы” ў газеце “Чырвоная змена”, прысвечаная творчасці сябраў таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Газета ўбачыла свет 30 студзеня 1988 года. Былі змешчаныя вершы Вольгі Куртаніч, Анатоля Дэбіша, Славаміра Адамовіча, Алеся Драздоўскага. Сяргея Сыса, Эдуарда Акуліна, Сяржанта Корсака і Веры Марыч. Апошнія два прозвішчы – хутчэй за ўсё псеўданімы. Пра сапраўдныя імёны аўтараў можна толькі здагадвацца.

Сярод твораў – вершы Сяржанта Корсака і Веры Марыч. Зразумела, што гэта псеўданімы. Але хто?

Старонка газеты "Чырвоная змена" з вершамі сябраў "Тутэйшых". 30 студзеня 1988 года. Фота з архіву аўтара.
Старонка газеты «Чырвоная змена» з вершамі сябраў «Тутэйшых». 30 студзеня 1988 года. Фота з архіву аўтара.

А гэта старонка з альманаху «Тутэйшыя»  , укладальнікам якога выступіў Сяргей Дубавец. Напачатку альманаху змешчаны мой верш “Ноч. Павуцінне сноў”, праўда скарочаны бязлітаснай цэнзарскай рукой Дубаўца.

Скан старонкі з альманаху "Тутэйшыя".
Скан старонкі з альманаху «Тутэйшыя».

 

Ніжэй змяшчаю невялікі спіс публікацый па тэме ТМЛ “Тутэйшыя”.

“Крыніцы”. Творчасць сябраў таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”//Чырвоная змена. 30 студзеня 1988 года.

“Кантроль”, Бюлетэнь Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. №1, 1989.

“Кантроль”, Бюлетэнь Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. №2, 1989.

«Тутэйшыя»: Творчасць сяброў таварыства / Укл. С.Дубавец. — Менск, 1989.

Ад «Тутэйшых» — да тутэйшых… // Літаратура і мастацтва. 24 красавіка 1998.

Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 16. — Мінск, 2003.

Алесь Аркуш. Вяртанне ў “Тутэйшыя”. «Беларуская палічка».  Полацк., 2000.

Аксана Бязлепкіна. Разам і паасобку: Таварыства “Тутэйшыя”: Гісторыя, асобы, жанры. Мн.: Беларускі кнігазбор, 2003.

Ганна Кісліцына. Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы. Мн. 2006.

Артыкул пра “Тутэйшых”у slounik.org  

«Тутэйшыя», незалежнае аб’яднаньне маладых літаратараў-нонканфармістаў, якія аказвалі ўплыў і на палітычнае жыцьцё краіны.

Было ўтворанае ў 1987 з мэтай «абараняць свае правы, свае погляды і перакананьні, супрацьстаяць жалезнай гіерархічнай структуры Саюзу пісьменьнікаў». Дзеля легальнасьці фармальна лічылася, што таварыства існуе пры Саюзе пісьменьнікаў Беларусі. Таварыства аб’ядноўвала блізу 80 сябраў. Актыў складалі: А.Бяляцкі, А.Глёбус, С.Дубавец, В.Казлова, С.Кавалёў, А.Сыс, У.Сьцяпан, С.Шупа, П.Васючэнка, М.Талочка, М.Шайбак. Ня маючы шырокай магчымасьці публікаваць свае творы ў афіцыйных выдавецкіх структурах, маладыя літаратары наладзілі выпуск самвыдавецкага альманаху «Літаратура». Каб асьвятляць дзейнасьць таварыства, была створаная самвыдавецкая газэта «Кантроль».

Т. сталі ня толькі праваднікамі нонканфармізму ў літаратуры, але рэальнай палітычнай сілай. Акцыі, якія праводзіліся аб’яднаньнем, мелі шырокі рэзананс у грамадзтве, паседжаньні і вечарыны Т. зьбіралі вялікую колькасьць гледачоў.

Палітычная дзейнасьць Т. пачалася ў 1987, калі аб’яднаньне аднавіла (у форме сходу людзей — мітынгу) старадаўнюю беларускую традыцыю дня памінаньня памерлых «Дзяды». Тут упершыню злачынствы сталінізму былі названыя генацыдам і злачынствам супраць чалавецтва, быў зачытаны доўгі сьпіс беларускіх літаратараў, рэпрэсаваных у гады тыраніі. Пасьля мітынгу ў прэсе разгарнулася кампанія па ачарненьні Т., іх абвінавачвалі ў фашызме і экстрэмізме.

«Дзяды» ў 1988 былі, бадай, самай гучнай і масавай акцыяй 1980-х, для разгону дэманстрантаў былі прымененыя газы і дубінкі. Арганізацыя мітынгаў пацягнула за сабой шэраг рэпрэсыяў з боку ўладаў: арышты, штрафы, пабоі, перасьледы, шальмаваньне ў прэсе.

Т. праіснавалі да 1990, многія сябры таварыства сталі стваральнікамі і ўдзельнікамі «Мартыралёгу Беларусі» і БНФ «Адраджэньне».