Трыбун. Палітык. Паэт. Невядомае пра Анатоля Сыса

Сёньня  многія на Беларусі чулі пра Анатоля Сыса-паэта… некаторыя з сучаснікаў чыталі нават тое-сёе, яшчэ меней тых, хто захоплены яго палымянымі радкамі і толькі адзінкі (блізкія сябры і таварышы) памятаюць Сыса як аднаго з пачынальнікаў новай хвалі адраджэнцкіх рухаў на Беларусі, гарачага прамоўцу на шматтысячных мітынгах, трыбуна-сучасьніка. Так, напачатку і ў сярэдзіне 80-х гадоў, Анатоль не толькі стварыў свае лепшыя вершы, ён яшчэ пры гэтым быў палітыкам. Прычым нацыянальная сьвядомасьць, усведамленьне неабходнасьці пераменаў  прыйшлі да Сыса амаль што адначасна з паэзіяй. Але самастойна паходняй Адраджэньня Анатоль мог і ня стаць – каб не кола сапраўдных сяброў, якія дапамагалі яму ўсьвядоміць неабходнасьць перамен і да меркаваньняў якіх ён у тыя гады прыслухоўваўся. Але вернемся да таго, напоўненага свежым ветрам надзей, часу, калі Сыса слухалі тысячы.

У дні жалобы па паэту Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка пісаў: “Сыс увайшоў у гомельскае кола нацыянальна сьвядомае моладзі як адзін зь яго лідэраў. Быў актыўным удзельнікам стратэгічнае нарады прадстаўнікоў моладзевых беларускіх арганізацый узімку 1984 году ў Смольні ля Мікалаеўшчыны, якую ладзіла «Група «Незалежнасьць» і на якой было вырашана ствараць сетку арганізацый па ўсёй краіне. Так узьнікла Канфэдэрацыя беларускіх суполак, якая, у сваю чаргу, сталася галоўным арганізацыйным апірышчам Беларускага народнага фронту.”

Першы несанкцыянаваны мітынг на Беларусі, які ў 1987 годзе арганізавалі Алесь Бяляцкі і Анатоль Сыс быў прымеркаваны да гістарычнага беларускага свята Дзядоў. Ён адбыўся ў Менску ля помніка Янку Купалу 1 лістапада, 20 гадоў таму. Анатоль Сыс ва ўсю моц свайго маладога голасу паведаў тады праўду пра сталінскія рэпрэсіі ў дачыненьні да лепшых сыноў Беларусі, назваў сотню прозвішчаў рэпрэсаваных дзеячаў, пісьменьнікаў, палітыкаў.

Роўна дваццаць гадоў назад ён першым, ці адным з першых на Беларусі, прамовіў на адноўленыя дзяды Дзядоў у 1987 годзе, сваё палкае слова. Затым былі іншыя мітынгі, Курапаты… Варта прыгадаць яшчэ і львоўскую гісторыю, пра якую некалі ў “Дзеяслове” падрабязна распавёў Мікола Сьцепаненка.

У жніўні 1988 году разам з беларускімі музыкантамі Сыс трапіў  у  Львоў. Там ля помніку  Івану Франко збіраўся свядомы народ. Людзі прыходзяць да помніка, каб пагаварыць, пасьпяваць, пачытаць вершы. Але ж міліцыя пільнуе і заўсёды стаіць напагатове. Далі слова і госьцю з Беларусі Анатолю. Сыс пачсаў з прамовы, а затым прачытаў некалькі вершаў і цалкам завалодаў публікай.

Публіка быццам ашалела. У адно імгненьне міліцыянты ачапілі пляц, у натоўп паляцелі дымавыя шашкі…

Змяніўся час, мітынговых прамоўцаў зьмянілі палітыкі – прафесіяналы, палітыкі-кабінетчыкі, якім так не стае сысавай жарсьці і пранікненага голасу трыбуна, якія падымалі людзей.

Праўдзівым сьведкам таго, поўнага надзей на перамены часу, калі словы Анатоля Сыса знаходзілі водгук у тысячах сэрцаў, стаў гэты, ужо гістарычны дакумент, знойдзены ў матэрыялах Інстытута антрапалогіі і этнаграфіі Расійскай (!) акадэміі навук.

Прамова Анатоля Сыса на мітынгу, прысьвечаным памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1 лістапада 1987 года ў Менску.

Сёньня мы павінныя ўспомніць тых, чыё жыцьцё было, бадай, самым трагічным ва ўсёй шматпакутнай нашай гісторыі.  Беларускія інтэлігенты пачатку ХХ стагоддзя – частка нацыі. Іхны лёс – гэта лёс беларускага Адраджэньня.  Мэтай і сэнсам жыцьця гэтых людзей была барацьба за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленьне свайго народу.  Гэта яны выдавалі першыя газеты  і  кнігі  на  беларускай  мове,  вяртаючы ёй былую славу.  Яны былі званарамі-абуджальнікамі нацыянальнай, гістарычнай самасьвядомасьці беларусаў. Яны ішлі па нерушы. І, як у любой новай справе, непазбежнымі былі памылкі, ваганьні, пошукі, аднак яны ішлі наперад, да агульнай мэты, абіраючы часам розныя шляхі. Таму яны апынуліся ў розных лагерах падчас рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Пасьля завяршэньня гэтага найвялікшага зруху ў душах,  намерах і  здзяйсьненьнях  народаў  ня толькі  нашай  краіны,  але і ўсяго сьвету мы бачым іх на чале будаўніцтва  беларускай   савецкай   дзяржаўнасці, частка працягвае барацьбу з рэжымам Пілсудзкага ў Заходняй Беларусі, частка апынулася за межамі Беларусі ў  эміграцыі.

Але вось у Савецкай Беларусі пачынаецца мірнае жыцьцё і разам з ім ажыццяўленьне ленінскай нацыянальнай палітыкі ў форме «беларусізацыі». Адчыняюцца беларускія школы, засноўваецца Беларускі ўніверсітэт, Інстытут беларускай культуры – парастак будучай Акадэміі навук.  Беларуская  мова  выкарыстоўваецца  ва  ўсіх  партыйных,  дзяржаўных,  навуковых установах,  за два заходы павялічваецца тэрыторыя БССР  з пераважным беларускім насельніцтвам. Не было падставаў сумнявацца,  што менавіта тут здзяйсьняюцца ідэалы  беларускіх адраджэнцаў.  Шматлікія эмігранты вяртаюцца на радзіму, займаюць высокія пасады ў культурных і  навуковых  установах: Ластоўскі В.  – дырэктар Дзяржаўнага гістарычнага музею БССР, Цьвікевіч А.  – супрацоўнік Акадэміі навук БССР, Некрашэвіч  А. – віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР,  Лёсік Я. – выкладчык Белдзяржуніверсітэта,  Гарэцкі М. – пісьменьнік, Мядзёлка П. – культурны дзеяч,  Жылка У. – паэт,  шматлікія іншыя.  Падавалася, што наперадзе толькі шырокая дарога да росквіту. Але  пачынаецца  невытлумачальнае.  Нашы гісторыкі сарамліва маўчаць, чаму ў 1929-1931 гг. абрываюцца жыцьцяпісы шматлікіх выбітных  беларускіх  дзеячаў.  Гэта не гады сьмерці. Проста ў энцыклапедычных даведніках няма зьвестак пра далейшы жыцьцёвы шлях гэтых людзей. Пракацілася першая хваля рэпрэсіяў – гэтак званая барацьба з  нацыянал-дэмакратыяй. Пачалі з продкаў. Адначасова з заклікамі да «беларусіфікацыі»  аб’яўляюцца  сярэднявечнымі  цемрашаламі Скарына, Будны, Цяпінскі; Скарына – «сярэднявечны манах з феадальна-зладзейскай ідэалогіяй», сьвяткаваньне 400-годдзя беларускага кнігадрукаваньня расцэньваецца як «шумная нацыяналістычная дэманстрацыя».  Абвяшчаецца  «песьняром прыгоньніцтва” В.Дунін-Марцінкевіч, «песьняром    нова-народжанай буржуазіі» – Ф.Багушэвіч. Потым узяліся за жывых. Вінавацяцца у апяваньні дробнабуржуазнай ідэалогіі: М.Гарэцкі, У.Дубоўка,  Я.Пушча, М.Зарэцкі, У.Жылка. У стварэньні  міфічных контррэвалюцыйных  арганізацыяў вінавацяць Я.Лёсіка, У.Ігнатоўскага, В.Ластоўскага, А.Некрашэвіча, навешваюцца цэтлікі «нацдэмаў  з  партбілетамі  ў кішэнях» (словы Гая,  першага сакратара ЦК КПБ) на З.Жылуновіча, З.Чарнушэвіча (сакратара  Цэнтральнага  Выканаўчага  камітэту БССР),  М.Чарота (рэдактара  газеты  «Савецкая  Беларусь»),  А.Сташэўскага (наркама  юстыцыі БССР).  Ці існавалі гэтыя арганізацыі на самой справе?  Ні суд, ні навуковыя працы пра гэта ня сьведчаць. Затое ведаем, што вялікая частка абвінавачаных пазьней была рэабілітаваная (Я.Дыла, А.Бабарэка, Я. Пушча, У.Дубоўка).

Значыць,  паклёп?  Чаму тады не рэабілітаваныя астатнія? Можа, за старыя грахі?  Аднак яшчэ ў 1925 г.  была абвешчаная амністыя,  дзякуючы якой многія вярнуліся з-за мяжы, каб сапраўды працаваць на карысьць  Радзімы.

Другая хваля рэпрэсіяў пачынаецца ў 33-м годзе. Ахвярамі становяцца дзеячы Беларускай рабочай грамады,  партыі, якая змагалася  ў Заходняй Беларусі супраць прыгнёту і апалячваньня беларусаў.  Многія  з  грамадоўцаў  апынуліся  ў БССР. Іх сустракаюць кветкамі  і высокімі пасадамі. А ў 1933-м

годзе   вінавацяць у стварэньні антысавецкай  арганізацыі  «Беларускі нацыянальны цэнтар».  Лідэр Грамады Браніслаў Тарашкевіч яшчэ нічога не ведае пра гэтую трагедыю.  У 1933-м ён быў абмяняны Савецкім урадам і прыехаў з польскай турмы. Вялізная папулярнасьць Б.Тарашкевіча (завочна ён быў абраны  ў  прэзідыюм антыфашысцкага камітэту ў Парыжы разам з

Горкім і Тэльманам) не дазваляе расправіцца з  ім адразу. Яго  пазбаўляюць магчымасьці займацца літаратурнай і палітычнай дзейнасьцю.

Самы змрочны перыяд генацыду пачынаецца ў 1933-м годзе і працягваецца да 1939 году.  Ён быў  абгрунтаваны  вядомым лозунгам пра ўзмацненьне класавай барацьбы.  Стваральнікам чарговай антысавецкай арганізацыі абвяшчаецца Цішка Гартны, які пазьней звар’яцеў у Менскай турме. Гінуць шматлікія з арыштаваных напачатку 30-х гг. нацдэмы, разам з імі расстрэльваюць  і  перакананых  камуністаў – партыйных і дзяржаўных работнікаў, адбываецца разгром Акадэміі навук і Саюзу пісьменьнікаў БССР.  У  1939-м  годзе абвяшчаецца партыяй правакатараў Кампартыя Заходняй Беларусі. Пры вызваленьні Заходняй Беларусі войскамі Чырвонай Арміі арыштоўваецца і зьнішчаецца вялікая частка беларускай інтэлігенцыі.  Ворганамі  ўнутраных  справаў  падпісваецца загад аб расстрэле 13 беларускіх пісьменьнікаў,  у тым ліку – Коласа,  Купалы,  Куляшова, Лынькова. Нейкім цудам Панамарэнка адстойвае іх перад Сталінам. Чаму мы ўважаем іхны лёс за самы  трагічны?  Была грамадзянская, Айчынная войны, якія забралі значна болей жыцьцяў. Але там быў вораг. Можна было змагацца і перамагаць. Была вера, што памяць будзе захаваная нашчадкамі. І, у рэшце рэшт,  там,  як гаворыцца,  сьмерць не выбірала. А тут – выбірала…  Самых разумных,  самых сумленных,  тых, хто ня ўмеў і не жадаў схіляць галаву… Інтэлектуальны патэнцыял нацыі, яе гонар і сумленьне.

Яшчэ ў пачатку 1930-х гадоў маральна быў забіты Купала… Вось вынікі  сталінскіх рэпрэсій у Беларусі.  Мы не павінны забываць пра тыя трагічныя для нашай нацыі гады,  каб падобнае ніколі не паўтарылася…

Рэпрэсаваны:

Дзяржаўныя дзеячы БССР Я. Дыла – наркам працы першага ўраду БССР, М. Гікала – першы сакратар ЦК КПБ, Я.Адамовіч – старшыня СНК у 1920-ыя гады,  А.Сташэўскі – наркам юстыцыі БССР, А.Бенек – наркам земляробства, А.Чарнушэвіч – наркам асветы,  І.Убарэвіч – галоўнаркам Беларускай вайсковай акругі, М.Галадзед – старшыня СНК, З.Чарнушэвіч – наркам  сацыяльнага  забеспячэньня,  Я.Нёманскі – дырэктар Інстытута эканомікі АН БССР, Я.Каранеўскі – рэктар Белдзяржуніверсітэта, а таксама Дзеніскевіч, Дубовік, Дубіна, Залескі, Капуцкі. У.Ігнатоўскі –  прэзідэнт АН БССР, З. Некрашэвіч – віцэ-прэзідэнт АН БССР,  В.Ластоўскі – сакратар АН БССР,  акадэмік, Я.Лёсік – акадэмік, Г. Гарэцкі – дырэктар інстытута, М. Байкаў і У. Дерожынскі – мовазнаўцы, Воўк-Левановіч, Касперавіч, Я.Бяльковіч – мовазнаўцы, У.Пічэта – акадэмік, Шчакаціхін –  мастацтвазнаўца,  Петуховіч, Замоцін – дактары навук, А.Шлобскі  –  этнограф, А.Уласаў  –  заснавальнік «Нашай нівы».

Палітычныя дзеячы Заходняй Беларусі – А.Луцкевіч, Б.Тарашкевіч, Я. Бабровіч, М.Брусевіч, П.Валошын, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, Я.Рак-Міхайлоўскі,  Гарэцкі, Дварчанін, Лагіновіч, Канчэўскі і іншыя.

Паэты і пісьменьнікі – М.Гарэцкі, У.Галубок, А.Дзяркач, М.Багун, Н. Ватацы, А.Вечар, А.Вольны, П.Галавач, У.Гарбацэвіч, Ю.Гаўрук, М.Грамыка,  С.Грахоўскі, У.Дубоўка, К.Грывіч, Б.Пасканьеў, А.Гурло, С.Дарожны, Ф.Гінтаўт, С.Дзяргай, А.Дудар,  Я.Ермаловіч, У.Жылка, М.Зарэцкі, А.Звонак, У.Коваль, У.Казлоўскі, Л.Калюга, Т.Кляшторны, Р.Кобец, З.Куніцкі, С.Ліхадзіеўскі, Ю.Лявонны, У.Маракоў, Б.Мікуліч, А. Пальчэўскі,  Я.Пушча, З.Ракіта, Э.Самуйлёнак, Я.Скрыган, У.Сташэўскі, Ю.Таўбін, З.Фамін, У.Хадыка, З.Хурсік, Н.Чэрнушэвіч, Л.Чарняўская,  М.Чарот, У.Шашалевіч, С.Шушкевіч, Л.Радзевіч, З.Салагуб, М.Краўцоў, С.Новік-Пяюн, Я.Багдановіч і іншыя.

Акадэмія навук СССР. Інстытут этналогіі і антрапалогіі АН СССР. Цэнтар па вывучэньні міжнацыянальных зносінаў. “Грамадзянскія рухі ў Беларусі. Дакументы і матэрыялы 1986-1991 г.г.”

Тэкст стэнаграмы захоўваецца ў прыватным архіве.

Падрыхтаваў да друку і пераклаў з расейскай мовы Сяржук Сыс.  Упершыню надрукавана ў часопісе «Дзеяслоў», №30 пад назвай «А сэрца ўжо  захварэла на праўду…»

Анатоль Сыс у Гарошкаве са сваякамі і бардам Андрэем Мельнікавым.
Анатоль Сыс у Гарошкаве са сваякамі і бардам Андрэем Мельнікавым. Фота Сяргея Сыса.