«Янкі, альбо Астатні наезд на Літве»: экспрэсіі пра кнігу

…Чарговы наезд на Літве скончыўся ў цягніку “Вільня-Менск”. Дадому мяневяла невядомая сіла. Давёўшы выраз твару да стану скамянелага дробнага грызуна, я лісьліва зазірнуў у вочы мытніка-ўдава. Гэта выратавала добрую батарэю бутэлек з летувіскімі напоямі ад безумоўнай канфіскацыі. Цяпер – спаць! Але як заснуць, калі няма нічога на сьвеце прыгажэй за дзяўчыну, якая сьпіць.Урэшце задрамаў, змарыўшыся сузіраць суседку па купэ.
Сон у перапоўненым вагоне дрогкі, калі больш няма чаго піць. Цягнічок парыпвае, у купэ – задуха, за вакном жа краявід наскі, не чужы… Праз нейкі час залязгацелі, тармозячы, колы, а за вакном у жнівеньскім надвячорку прыязна ўсьміхнулася шыльда “Маладэчна”. Імгненна прыйшло рашэньне: “Навошта Менск? Тут жа можна перасесьці на электрычку, якая спыняецца на станцыі “Зялёнай”, а там і да Лысае Гары даплюнуць, дзе на лецішчы бавіць час жонка з дачкой”. Каля вакенца білетнае касы ўраз сталася млосна: у кішэні – аніводнага рубля, а банкі, дзе можна было абмяняць валюту – пазачыняліся.

На шчасьце, лёс паслаў тутэйшага маладзілу, які дакладна зразумеў маю роспач, і падараваў запаветны квіток на электрычку. Але прыгоды толькі пачыналіся. Праз паўтары гадзіны, на пероне “Зялёнай”, мяне цяжкай коўдрай ахутала ноч. І пад сховай цемнаты я зразумеўгалоўную памылку Афанасія. 5 кіламетраў лесам у абсалютнай цемры з цяжкай торбай за сьпінай – выпрабаваньне жахлівае. Адным словам:“Партызаны, партызаны, беларускія сыны…” Вузкая і зьвілістая сьцяжына да Лысай Гары здавалася бясконцай. Я намацваў нагамі жвір, я чапляўся за гэтае жыцьцё, выпрастаўшы перад сабой рукі, каб не пацалавацца з дрэвам, і крок за крокам рухаўся ў сьветлыя далі, пакуль не адолеў дарогу. А жыцьцёў цемры пад скураю тонкай пульсавала, як кроў. Часам навальваўся адчай, хацелася прасьпяваць “а я лягу-прылягу”, ды ўпасьці да раніцы ў вільготную траву. Толькі можа гадзіны праз дзьве скрозь цемру прабілася сьціплае сьвятло, на якое я, зьнясілены цяжкай дарогай, завітаў. Пад электралямпачкай за сталом, пасярод рамантычнага дворыку, сядзелі Максім Клімковіч і Уладзя Ахроменка. Далёка ў разлогах начнога лесу драбіўся рэхам хрыплы рык Сяргея Верацілы, які распавядаў свае гісторыі стоячы крыху наводдаль. Хлопцы сьвяткавалі народзіны “Янак…” Разам з кілішкам моцнага айчыннага напою я атрымаў у падарунак асобнік кнігі з памятнымі надпісамі аўтараў пра начную сустрэчу на Лысай Гары. Такая вось прэлюдыя з жыцьця.
Уласна твор, які аўтары класіфікавалі як “кінараман-фарс”, чытаецца адным махам. Запоем. “Янкі…” агаломшваюць фактурай, лексікай, архітэктурай сюжэтных пабудоваў, героямі. Іх у рамане намешана да халеры: і жандараў з паліцыянтамі, і вайскоўцаў Войска Польскага, Чырвонай Арміі ды Вермахту. Мільгацяць па Крэсах Усходніх агенты Дэфензівы, Гестапа і НКВД, палітвязьні, чыкагскія гангстэры, італьянскія мафіёзі, а таксама асобы самых розных нацыянальнасьцяў, акторы і… дупы. Вось-вось, і я задумаўся. А ці не занадта? Ці не зашмат для аднаго раману цынізму і пошласьці, шчодра перасыпаных прыхаванымі цытаткамі з класікі і сучаснай літаратуры? Дык цытаткі, як бачна вышэй, падабраць ня надта складана.
“Mens sana in corpore sano” — сьцьвярджае лаціна. Здаровы дух y здаровым целе. Як казаць увогуле пра сёньняшнюю літаратуру – дык ейны дух, на мой погляд, здаровы і моцны. Нават занадта – у цела сваё часам ня ўлазіць, замінае вузкае моўнае асяроддзе. І ня могуць яму, як мне падаецца, перашкодзіць нейкія там “Янкі…” са сваёй нясьціплай лексікай ды экзатычным вінегрэтам дзейных асобаў. Хіба крыху паморшчыць нос пані Высокая літаратура. Але на гэты конт аўтары абачліва самавызначыліся: “кінараман-фарс”. Маўляў, на вялікае не замахваемся, а так, пажартавалася ў вольны час, памацюкалася. Здаровы такі расейскі цынізм, прышчэплены да цела беларускай літаратуры? А можа, і не расейскі, а проста інтэрнацыянальны?
Каб жа так! Нельга не прызнаць, што раман “Янкі альбо астатні наезд на Літве” ствараўся грунтоўна, з любоўю і пачуцьцём. Таму і чытаецца ў аднадых, прымушае вярнуцца да яго яшчэ і яшчэ. Прызнаюся, мой асобнік кнігі пяцёра чытачоў за месяц зьведалі. Таму – а гэта ўжо трывожна! – магу сьцьвярджаць: раман запатрабаваны. Прынамсі зараз, калі чытач, стаміўшыся каўтаць сюжэтна аднатыпныя стэрыльныя творы сучасьнікаў, шукае новай хвалі, іншага разьвіцьця падзеяў. Шукае і, на жаль, знаходзіць. Яму падносяць порцыю вострасюжэтнай літаратурнай заціркі, запаранай на вульгаршчыне і самаіроніі. Але ж Клімковіч і Ахроменка павінны ведаць, як пішуцца “правільныя” раманы: досьвед ёсьць, тэхналогіі таксама адпрацаваны, асабліва розныя там кампазіцыйныя пабудовы, “камерцыйныя” хады… Нажыўка што трэба, таму удзячны чытач глынае… І тут ужо не да пачуцьця меры, да таго, што здрадзіла, на маю думку, аўтарам. Меры ў інтэлектуальнасьці і тонкай пародыі.
Прыкладна ў адзін час чытаўся і раман “Роўна/Ровно” Аляксандара Ірванца (“Дзеяслоў”, №28, 29). Міжволі параўноўваў два творы, знаходзіў шмат агульнага і ў сюжэтных выкрунтасах, і ў пабудове дыялогаў, і ў выкарыстаньні лексічных сродкаў. Нават “дупа” прысутнічае. Аднак ёсьць у Ірванца апроч астатняга непрыкметная такая адзнака – мастацкая мера, якая ўрэшце і вызначае “якасьць” літаратуры. І там, і тут аўтары “сьцябаюцца”, часам даводзячы сітуацыю да поўнага абсурду. Але і сьцёб бывае розны. Ірванец спрабуе спрагназаваць сітуацыю, калі частка Украіны (Роўна, напрыклад) вызваляецца ад кэдэбісцка-камуністычных набыткаў былой эсэсэсэрыі, становіцца іншай, вольнай, няхай сабе на кароткі час. Сюжэт “Янкаў…” не прапаноўвае варыянтаў. Падзеі заганяюць Беларусь, частку яе, у безвыходны тупік, дзе ўласна з-за рознай прышласьці і беларусаў нябачна.
Ды і хто яна, радзіма ў рамане? Чаго варты, скажам, вобраз малой беларусачкі, якая прагульваецца з авечкамі па старонках раману. Такі вось вобраз мілай ра­дзімы. То яна падаецца не па ўзросту прагматычнай (абачліва сагнала…, нічога ня бачыла), то злоснай і нядобрай (злосна плюнула… нядобра скасавурылася…), а то і проста вульгарнай кабетай (…З неба зорачка упала прама міламу ў штаны, …Весела была, як дзядзьку хавалі). Урэшце малая беларусачка гіне ад рук патаемных змоўцаў з Усходу і Захаду, “геносэ Юзіка” і “таварыша Адзіка”, якія падзялілі гэты край. А што чытач? Ну, задушылі вусатыя дзядзькі дзіцятка, ну і што. Гэта ж шыза! Але шыза, яна, ведаеце, таксама розная. З ідэяй і без яе. У рамане ідэі я не знайшоў, хаця і спрабаваў паглыбіцца ў капаньне між радкоў: а раптам? Верагодна, у яе аснову пакладзеная думка стварыць “буржуазна-камерцыйны” раман на беларускім субстраце? Ці стварылі? Такі, скажам, як выгадавала на польскім гумусе Дарота Маслоўская (Раман “Вайна пад бел-чырвоным сьцягам”). Раман, у якім патрыятызм вытыркаецца з кожнай шчыліны, раман, які за кароткі час вытрымаў некалькі выданьняў і ў першы год перакладзены на некалькі моваў, раман, які жыве як сапраўды ўдалы камерцыйны праект, раман, які напісала сямнаццацігадовая “буржуазная літаратарка”.
Непакоіць мяне толькі адно: многія сёньня захапляюцца “Янкамі…”, некаторыя адкрыта сьцьвярджаюць, што Караткевіч у параўнаньні з Ахроменка – “г… на палачцы”. Верагодна, прыйшоў час, калі “буржуазныя” літаратары шукаюць на Беларусі неспакушанага добрым раманам чытача, каб прапанаваць яму сваё інтэрнацыянальнае чытво.

Сяржук Сыс. «Дзеяслоў»,   24.12.2013 г.