Снайпер (аўдыёверсія)

Разам з маладой жонкай Валяй мы чакалі майго сябрука, радавога Алеся Бяляцкага, які атрымаў кароткачасовы адпачынак ды кіраваўся з далёкага Уралу ў Гомель. Рыхтавалася да сустрэчы і ягоная сяброўка, студэнтка гістфака Наталля.

Тады, у 1985 годзе, скончылася нашае сямейнае бадзянне па кватэрах: прафкам Гомельскага ўніверсітэта выдзеліў нам з жонкай пакойчык у інтэрнаце кватэрнага тыпу, паколькі Валя давучвалася на стацыянары філалагічнага факультэту.

Жылі не надта багата, таму і разлічвалі старанна, што прыгатаваць ды падаць на стол, каб доўгачаканая сустрэча выглядала на свята. Валя паўдня мітусілася на кухні: нешта шаткавала, смажыла, варыла, я бегаў па бедных савецкіх крамах. Карацей, стол пад вечар выглядаў даволі прывабна.

Урэшце, пасля шумнай сустрэчы, абдымкаў і воклічаў, надыйшоў урачысты момант: учатырох мы расселіся за кухонным сталом. Па-гаспадарску я пацягнуўся па бутэльку шампанскага і, адчуваючы важнасць моманту, нетаропка садраў фольгу і раскруціў засцерагальны драток вакол корка.

Ва ўрачыстай цішыні моцна грымнула, і нас агарнула цемра. У пакойчыку знікла святло. Яшчэ не разумеючы, што ж такое здарылася, я прыцягнуў на кухню настольную лямпу і, прыладзіўшы яе на падваконні, асвятліў застолле.

Але што гэта? Усе святочныя стравы былі шчодна прыпраўленыя драбнюткімі кавалачкамі матавага шкла. Пераглянуўшыся, дружна зірнулі на столь ды адразу ўцямілі: корак ад шампанскага акурат пацэліў у доўгую шкляную трубку лямпы дзённага асвятлення, якая ад трапнага стрэлу выбухнула і дробным снегам асыпалася на стол.

– Ну, што, снайпер, пацэліў? – саркастычна здзекаваўся з мяне Алесь.

Але што рабіць далей? Голад жа не цётка, а іншага наедку знайсці ў хаце было цяжка!

Вохкаючы, мы дружна вышуквалі шкельцы ў талерках з салатамі ды мясам, складалі іх у невялічкія купкі.

Сапраўды гэта была відовішчная вячэра – вельмі асцярожна, нібыта касцістую рыбу, мы з Алесем пад’ядалі закускі, раз-пораз сплёўваючы кавалачкі шкла. Дзяўчаты так і не набраліся смеласці вячэраць разам з намі, знайшлі-такі сабе ў лядоўні нешта пад’есці, хаця і не святочнае, але дакладна бяспечнае.

1987.

(З цыклу “Падпрастора”, “Дзеяслоў, №75)

Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.