У кіпцюрах «асабіста» (аўдыёверсія)

Здарылася так, што ў войску я трэснуў прапаршчыка: не стрываў крыўды, калі той парэзаў новыя ваўняныя шкарпэткі, дасланыя мне маці. Пакаранне ў такім выпадку магло быць надзвычай суровым, аднак усё скончылася гаўптвахтай. Хаця лепей сказаць – не скончылася, а толькі пачалося.

Перад тым, як адправіцца на “губу”, арыштант мусіць здаць усе кішэнныя рэчы. Здаў і я. Разам з нататнікам кішэннага памеру, у якім часам рабіў усялякія прыватныя запісы.

Праз трое сутак, пры вызваленні, я атрымаў усё, акрамя нататніка. На маё маўклівае запытанне, начальнік гаўптвахты неяк загадкава адказаў:

– А ваш блакноцік перададзены ў асабовы аддзел, вось так!

Я напружваў памяць, прыгадваючы ўсе словы, якія неабачліва даверыў паперы, аднак, здаецца, ніякай антысавеччыны там не мусіла быць.

Праз некалькі дзён мяне выклікалі да таямнічага маёра, якога рэдка хто з салдат бачыў, але завочна многія пабойваліся.

На стале ў “ленінскім” пакоі, дзе адбылася першая сустрэча, ляжаў нататнік, разгорнуты якраз там, дзе былі намаляваныя нейкія схемы. І тут я, пахаладзеўшы, прыгадаў усё…

Меў я здольнасць пісаць прыгожымі шрыфтамі плакаты, і на службе гэта прыдалося. Аднойчы мне загадалі вырабіць для вучэбнага цэнтру нейкую сакрэтную схему памерам прыкладна два на пяць метраў. Карацей, справа не аднаго дня. Матэрыялы для працы даводзілася браць у сакрэтнай часці, выпісваючы пры гэтым два пропускі, ды яшчэ і адзначацца ў некалькіх кнігах уліку. Такое марнаванне часу мне надакучыла, і я перамаляваў у нататнік некалькі частак той вялікай сакрэтнай схемы пад назвай “кіраванне касмічнымі апаратамі з дапамогай тармазных рухальных установак”, каб болей не хадзіць у “сакрэтку” па дакументы.

Зразумела, што з’яўленне такіх малюнкаў у салдацкім нататніку – здарэнне надзвычайнае. Я ўзмакрэў, яшчэ нават не прысеўшы насупраць маёра: “Гэта не “губой” пахне, гэта шпіянаж і дысцыплінарны батальён. Хана, карацей”.

Размова цягнулася гадзіны дзве. Яшчэ некалькі тыдняў “асабіст” апытваў маіх сяброў і афіцэраў дывізіёна, чакалі таксама адказу на запыт у Гомель, адкуль мяне прызвалі ў войска.

Нарэшце, новая сустрэча з маёрам. І здарыўся цуд – шпіянаж быў цалкам адпрэчаны, але пры гэтым паміж намі было заключана шляхетнае пагадненне: маё “плакатнае” ўмельства адгэтуль выкарыстоўвалася напоўніцу. Рэшту службы ў вольны час я правёў у атачэнні слоікаў тушы, гуашы, фарбаў, фанеры і рулонаў тканіны: трапіў такім чынам у прыгон.

Зараз прыгадваецца толькі адзіная ўцямная праца: вялізны трафарэт тытульнай славянскай вяззю з назваю для генеральскай яхты – “Палада”.

(З цыклу “Падпрастора”, “Дзеяслоў, №75)

Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.