На “Вясне” не бранзавеюць

“Вясна” магла і не адбыцца ў маім жыцці: прайсці недзе побач, альбо застацца, як гэта мне бачылася ў даўнейшыя часы – арганізацыяй, што апантана бароніць правы чалавека. Недзе там, у іншым свеце, па-за мною. А магчыма, што нашыя шляхі маглі б некалі перастрэцца, імаверна ў тым выпадку, калі б мне спатрэбілася дапамога ці парада праваабаронцаў.

Жыццё распарадзілася інакш. Адразу пасля пераезду напрыканцы 2006 года з Гомелю ў Мінск да маладой жонкі і дачушкі, паўстала пытанне пошуку журналісцкае працы. І пошук той быў няпростым з некалькіх прычынаў. Найперш ісці на дзяржаўную “службу”, ды спяваць там пад ідэалагічную дуду, мне даўно ўжо не хацелася, гідка нават было. З іншага боку, як тут, у сталіцы, было ўладкавацца гамяльцу ў аўтарытэтнае выданне без гучнага журналісцкага імя, альбо на скарайні выпадак, без сяброў ды знаёмых?

Круглы стол па праблемах люстрацыі. За працай. 2013 год.
Круглы стол па праблемах люстрацыі. За працай. 2013 год.

Дні праходзілі ў чаканні адказаў з часопісаў ды газетаў на шматлікія рэзюмэ, у субяседваннях, сустрэчах і абяцаннях патэлефанаваць неўзабаве. Нарэшце мне, крыху ўстурбаванаму досыць працяглым працаўладкаваннем, абяцаўся дапамагчы мой даўні сябар і таварыш Алесь Бяляцкі. Дык і тое ж не адразу звычайна робіцца.

Нечакана знайшлося для мяне “цёплае” месцейка ў невялікім калектыве часопіса, тэматыка якога была звязаная з аховай працы. Кажуць жа, што часам “… і рак – рыба”. Думалася, год-другі адпрацую тут, абвыкнуся ў сталіцы, ды знайду нешта цікавейшае. Але ў першы працоўны дзень патэлефанаваў Алесь Бяляцкі: “Трэба сустрэцца”.

А раніцай 3 сакавіка 2007 года мяне пазнаёмілі з калектывам “Вясны”, патлумачылі абавязкі. У невялікім памяшканні – маладыя юнакі і дзяўчаты з асветленымі тварамі, вольна гучыць беларуская мова.  У той дзень са мной здарылася яшчэ нешта, загадкавае і містычнае, якому зараз, праз гады, надаю асаблівую ўвагу.

Той старэнькі кампутар, за якім мне выпадала працаваць, быў пад паролем. На маё пытанне, што ж за пароль пакінула мая папярэдніца Паліна, адказалі: “Сыс”.  Значна пазней уцяміў, што не ў мой гонар прозвішча; гаворка пра майго земляка, паэта-трыбуна Анатоля Сыса. Але тады гэтая акалічнасць зрабіла на мяне вялікае ўражанне.

Казаць, што я ўвогуле нічога ня ведаў пра дзейнасць “Вясны” раней – казаць няпраўду. Раз-пораз я сустракаўся з Алесем Бяляцкім у час ягоных прыездаў у Гомель, ці маіх – у Менск, ведаў, што ён ня толькі літаратуразнаўца і былы музейшчык, але й праваабаронца і бароніць правы чалавека. Ведаў я таксама пра стаўленне ўладаў да арганізацыі, пра пераслед яе сябраў.  Узгадваецца нават, як у 1999 годзе, позняй восенню, ці на самым пачатку зімы, па нейкіх сваіх клопатах прыехаў вечаровым цягніком у Мінск, падаўся да Бяляцкага ў “Вясну”. Выйшаў з метро каля “Акадэміі навук” і схамянуўся: бягуць людзі, паўсюль міліцыя і крыкі праз мегафон “Разыходзьцеся, акцыя несанкцыянаваная!”, Да мяне, з дарожнымі валізамі, “ворганы” не чапляліся і праз некалькі хвілінаў я пераступіў парог праваабарончага цэнтра. Тут было яшчэ болей тлумна, чым на праспекце – адзін за адным заходзілі ўсхваляваныя людзі, нехта тэлефанаваў, хтосьці складаў даўгія спісы, у пакункі складваліся прадукты харчавання. “Гэта для затрыманых”, – коратка патлумачыў мне Алесь і прапанаваў забіцца ў які-небудзь куток і не перашкаджаць іхняй працы. Паразмаўляць змаглі мы толькі каля апоўначы. А нанач мне паслалі офісную канапку.

Затрыманне пад час пікету 10 снежня 2008 года ў Менску.
Затрыманне пад час пікету 10 снежня 2008 года ў Менску.

З першых дзён новай працы аказалася, што веды мае пра дзейнасць праваабарончага цэнтра “Вясна”, вельмі павярхоўныя. Мне, які аддаў журналістыцы пару дзесткаў гадоў і лічыў сябе дасведчаным у розных сферах жыцця, было сорамна за сваю дрымучасць у сферы абароны правоў чалавека – я упершыню адкрываў для сябе гэтую белую кнігу.

Але побач былі “вясноўцы”, якія, нягледзячы на свае справы, цярпліва і падрабязна тлумачылі мне пра грамадзянскія і палітычныя правы, пра міжнародныя інстытуты абароны правоў чалавека, пра спецыфіку беларускага заканадаўства. А яшчэ і правільна пісаць пра гэта трэба было, каб не нашкодзіць, каб даць праўдзівую і граматную ацэнку падзеі. Адной з такіх “настаўніц” была на той час і мая старэйшая калега па працы Алена Лапцёнак.

Праз нейкі час я патрапіў у Летнюю праваабарончую школу па правах чалавека для настаўнікаў, што дазволіла мне глыбей азнаёміцца з гісторыяй і філасофіяй правоў чалавека, магчымасцямі іх абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях, знайсці новых сяброў і аднадумцаў.

Штодня я адкрываў для сябе новых цікавых людзей, аўтарытэтных спецыялістаў у розных сферах праваабарончай дзейнасці, знаёміўся з партнерскімі арганізацыямі. Паколькі ў грамадзянскім і праваабарончым асяродку Мінска я быў чалавекам практычна невядомым, часта даводзілася адказваць на простае пытанне: “Прабачце, а вы адкуль?”.

– З “Вясны”,  – ціха казаў я, заўважаючы пры гэтым павагу да сябе з боку субяседніка. Гэтая павага, безумоўна, сведчыла пра вялікі аўтарытэт арганізацыі, і важнасць той справы,  якую робіць яна. Гэтае разуменне наклала адбітак на маё асабістае ды грамадскае жыццё, я зразумеў і прыняў як крэда, што не мусіць з майго боку быць аніякіх учынкаў, слоў, дзеянняў, якія б маглі кінулі хоць невялікую цень на аўтарытэт “Вясны”, заваяваны шматгадовай карпатлівай дзейнасцю яе сябраў.

У верасні 2007 года я ўпершыню адчуў на сабе, чым  ёсць насамрэч праваабарончая і журналісцкая салідарнасць. У  Нясвіжы тады разглядалася крымінальная справа актывісткі “Маладога фронту” Насты Азаркі, якую вінавацілі ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі. Я таксама быў на судзе ў якасці журналіста, асвятляў працэс, рабіў фотаздымкі. Толькі за гэта мяне і затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Упершыню ў жыцці. Некалькі гадзінаў давялося пасядзець у камеры для затрыманых, затым зайшоў афіцэр і загадаў пакінуць РАУС, маўляў, паколькі там, у Мінску, многія СМІ ўжо распісалі пра затрыманне журналістаў.

Пад час суду над Настай Азаркай у Нясвіжы ў 2007 годзе.
Пад час суду над Настай Азаркай у Нясвіжы ў 2007 годзе.

 

Выпадкаў такіх было некалькі, але да складання адміністатыўных пратаколаў не даходзіла, паколькі кожны факт гвалтоўнага захопу журналіста адразу ж станавіўся вядомы многім праз салідарнасць калегаў.

“Вясна” шмат дае і шмат забірае. Няма ў праваабаронцаў у звыклым разуменні абсалютна вольных выходных, вольнага часу пасля працы. Можа здарыцца ўсялякае і ты мусіш зрабіць сваю справу. Не, гэта не столькі навязаны зверху працоўны абавязак, гэта проста лад жыцця, стан душы, калі хочаце.

Зараз модным стала казаць аб прафесійным выгаранні, аб тым, што з гадамі чалавек стамляецца ад руціннай працы, згарае, яму патрэбныя перамены. Асабліва, калі амаль штодня сутыкаешся з праявамі гвалту, несправядлівасцю, зламанымі чалавечымі лёсамі ды іншым негатывам. Я таксама задумваўся: ці надоўга хопіць мяне ў “Вясне”? Калі ўжо трэсне мая абалонка і я расцякуся бурбалкамі па гэтай зямлі? Але пытанне гэтае вяртаецца да мяне бумерангам: “А наколькі мяне самога хопіць без “Вясны”?

Мае дзевяць “вясноўскіх” гадоў былі насычаныя не толькі разнастайнымі творчымі момантамі, цікавымі мерапрыемствамі, сустрэчамі. Трапляліся ў гэтай “Кнізе падзей” і змрочныя  старонкі.

Найбольшым выпрабаваннем для мяне, і, безумоўна, для кожнага з нас з’явіўся суд і зняволенне старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага. Часам навальваўся адчай, хацелася кусаць пальцы ад бязвыхаднасці, аднойчы нават праступілі на вачах слёзы. Я не саромеюся іх. Як сцятая спружына мы ўсе разам працавалі больш пругка, дынамічна, і трошкі са злосцю і … выстаялі, дачакаліся вызвалення Алеся.

Сустрэча Алеся Бяляцкага пасля зняволення ў чэрвені 2014 года ў Менску.
Сустрэча Алеся Бяляцкага пасля зняволення ў чэрвені 2014 года ў Менску.

Аднойчы напрыканцы дня, стомлены працаю я адмахнўся ад просьбы свайго калегі Уладзіміра Лабковіча. Уладзя падыйшоў і коратка мне адказаў: “Сяргей, тут нельга бранзавець, на “Вясне” не бранзавеюць”. Сапраўды гэта так, і сёння я ганаруся, што амаль палову юбілярных дваццаці год я пражыў разам з “Вясною”. Спадзяюся, што гэта ўзаемна.

Венстпілс, 2016 год.

У кнізе «20-я Вясна».