У Гарошкаве адбылося свята паэзіі ў гонар Анатоля Сыса

Свята паэзіі, якое ладзіцца ў гонар Анатоля Сыса, упершыню прайшло ў траўні. Арганізатары вырашылі адмовіцца ад традыцыі правядзення фестываля ў апошніх днях кастрычніка і не прагадалі.

У Гарошкаве 14 траўня быў прэзэнтаваны цудам ацалелы паэтычны зборнік Анатоля Сыса «Берагі майго юнацтва», у які ўвайшлі звыш ста шасьцідзесяці вершаў, напісаных перадусім у студэнцкія гады, а таксама невядомыя творы пазнейшых часоў. Большасць зь іх раней нідзе не друкаваліся.

Міхась Скобла, Леанід Галубовіч і Сяржук Сыс.
Міхась Скобла, Леанід Галубовіч і Сяржук Сыс.

Сябра і аднакурснік Сыса, знаны паэт і бард Эдуард Акулін, згадвае:

«Доўга лічылася, што самая першая кніга Анатоля, якую ён напісаў яшчэ ў студэнцкія гады, страчана. Сам Анатоль казаў нам, сваім сябрам, што спаліў рукапіс. Насамрэч гэты рукапіс пасля смерці Анатоля, вялікага, геніяльнага паэта Беларусі, захоўваўся ў яго роднай хаце. Менавіта з гэтай кнігі Анатоль пачаўся як паэт».

Прадмову да новай кнігі Сыса «Берагі майго юнацтва» напісаў ягоны сябар, цяперашні кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі:

«Увосень 2010 году падчас штогадовага паэтычнага сьвята мы з Сержуком Сысам даведаліся ад сястры Тамары пра існаванне нейкага неразабранага архіву. Сталі пераглядаць — гэта быў неверагодны сюрпрыз. Некаторыя з вершаў я чуў ад Анатоля, калі вучыліся ва ўніверсітэце, хаця ён гаварыў усім і ўсюды, што спаліў усе свае ўніверсітэцкія вершы».

Сяржук Сыс. Фота Леаніда Галубовіча
Сяржук Сыс. Фота Леаніда Галубовіча

Без Эдуарда Акуліна, якому давяралі сёстры як паэту і якога ў тую восень не было ў Гарошкаве, Бяляцкі з Сержуком Сысам не адважыліся ацэньваць знаходку. Гэта здарылася ўжо, як распавёў Бяляцкі, у наступны прыезд — у траўні 2011 году:

«Частку знаходкі мы з Акуліным прэзентавалі ў часопісе „Дзеяслоў“, а пасля ўжо было не да вершаў, бо мяне адправілі за краты. Праца спынілася на тры гады. І калі я выйшаў на волю, мы вырашылі працягнуць справу».

Як лічыць Бяляцкі, паэт Сыс меў сваё асэнсаваньне сьвету, якое перапляталася са старажытнай магіяй беларускіх замоваў, з іх чароўнымі рытмікай і духам, што бяруць вытокі з паганскай мінуўшчыны.

Выкладчык Гомельскага ўніверсітэту Іван Штэйнер, звярнуў увагу на талент Сыса да пародыі. І зачытаў верш «Хлопец не промах», падставай для якой стаў радок паэта з Гомельшчыны Ўладзімера Верамейчыка: «А ты ня ўмела цалавацца…».

Ці помніш, нам было па дваццаць,
Як за акном вясна плыла?
А ты ня ўмела цалавацца,
Дарма што з гораду была.
Я ж бессаромны быў ад роду,
Граза сабак, чужых садоў,
І цалаваў дзяўчат бяз згоды
Яшчэ з шаснаццаці гадоў.

На падворку гучалі песні на словы Анатоля Сыса, іншых беларускіх паэтаў у выкананні бардаў Тацяны Грыневіч-Матафонавай, Вольгі Гардзейчык, Сяргея Бурака й Кацярыны Ваданосавай, Аляксея Галіча, Зміцера Бартосіка.

Свята Анатоля Сыса ў Гарошкаве 14 траўня 2016 года. Фота Радыё Свабода.
Свята Анатоля Сыса ў Гарошкаве 14 траўня 2016 года. Фота Радыё Свабода.

Гучаў і верш у выкананьні самога Анатоля Сыса — на свяце быў прэзэнтаваны таксама ўнікальны аўдыёдыск “Галасы паэтаў”. Гэты дыск падрыхтавала вядомая спявачка і бард Таццяна Грыневіч-Матафонава. На ім запісаны галасы больш чым 50-ці вядомых беларускіх паэтаў, у тым ліку і голас Анатоля Сыса.

Мастак Алесь Квяткоўскі падараваў сёстрам паэта, Тамары і Валянціне, напісаны партрэт Анатоля Сыса — у спадзеве, што неўзабаве іх родная хата ў Гарошкаве стане літаратурным музеем

Традыцыйнае свята паэзіі, якое штогод ладзілася ў кастрычніку і прымеркавана было да дня народзінаў Анатоля Сыса, ад сёлетняга травеня перанесена на вясну.  «Ня так важная дата — куды важней памяць пра паэта», — лічыць Барыс Пятровіч.

Паводле «Радыё Свабода»