Літанкета Свабоды: Сяржук Сыс

Сяржук Сыс нарадзіўся ў 1962 у вёсцы Пракісель Рэчыцкага раёну, затым жыў у Засьпе, недзе паміж паэтамі Віктарам Стрыжаком і Анатолем Сысам. Потым — філялёгія ў Гомельскім дзяржаўным ўнівэрсытэце, войска, праца, дзеці. Паэт, перакладчык, публіцыст. Друкаваўся ў беларускіх і замежных выданьнях; аўтар калектыўных зборнікаў і анталёгій, а таксама кніг паэзіі «За трапяткім матыльком каханьня» (2000), «Стрэмка» (2011), «Павук» (2014). Пераможца Менскага фэстывалю аднаго верша (2009), ляўрэат прэміі «Залаты апостраф». Удзельнік міжнародных паэтычных фэстываляў. Творы перакладаліся на ангельскую, польскую, расейскую, украінскую, літоўскую і сэрбскую мовы. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў з кастрычніка 2010.

  1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Для даволі вузкага кола сяброў. А чытач ідэальны — той, хто шчыра кажа табе: «Сыс, у цябе ёсьць дзесяць добрых вершаў!» Ды яшчэ і прадэклямуе нешта з галавы. Напэўна, дзеля такіх і пішу. А раптам яшчэ які радок упадабаюць.

  1. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Позна ўначы альбо рана-раніцай, звычайна ў ложку. А найлепей у нядзелю, калі мазгавы страўнік ад журналісцкага хлеба ачышчаецца. Ідэальна — на лецішчы ўвосень на самоце. Шкада, што вершы зьяўляюцца зрэдчас.

  1. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Відаць такі, паэтычнай. «Быў. Ёсьць. Буду» Ўладзімера Караткевіча, а калі не атрымаецца, дык «Шлях-360» Алеся Разанава.

  1. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

О! Часам падаецца, што пэўная частка мяне ўвасобілася ў дзіўным вобразе Нікі Дзюмпэя з раману Коба Абэ «Жанчына ў пяску». А то раптам пазнаю сябе ў Антоне Косьмічу з «Чорнага замку Альшанскага». А як падумаю даўжэй, дык аж боязна прызнавацца: «Ну, выліты Фігаро з бамаршэўскіх п’ес». Памятаеце: «Фігаро — тут, Фігаро — там». Відаць, гэта бліжэй да ісьціны.

  1. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Вось тыя, каго можна назваць найбольш улюбёнымі з шэрагаў проста «любімчыкаў»: Франц Кафка, Кнут Гамсун, Габрыэль Гарсія Маркес, Артур Рэмбо, Карэл Гінэк Маха, Фёдар Дастаеўскі, Сямён Кірсанаў, Янка Маўр, Сяргей Пясецкі, Алег Мінкін, Анатоль Сыс.

  1. Што вы цяпер чытаеце?

Маю звычку чытаць адначасна шмат: калі здараецца быць дома — «Поўню» Галубовіча; у дарозе паміж Лысагорскім царствам і Менскам — «Паляваньне на старых азёрах» Алеся Жука; на лецішчы — трэці раз перачытваю (бо ён «жыве» толькі там) Ул. Маякоўскага.

  1. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Выбар небагаты: польская, украінская, славацкая, крыху італьянская.

  1. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Кніга празаічных аповедаў пра саўковае мінулае, якая існуе ў аўдыёверсіі на маім пэрсанальным сайце, а да друкарні пакуль яшчэ не дабегла: «Падпрастора». Праўда, «Дзеяслоў» частку зь яе надрукаваў сёлета.

  1. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Кнігу нечуванай астатняй паэзіі, колкай, пякучай і няўтульнай… Каб асалода ад прычытаньня не адразу прыйшла, а празь нейкі час, праз уласны боль і смутак.

  1. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Ха! Як раптам выбухнеш вершам. Тады ня страшна рабіць нават не зусім прыстойныя ўчынкі.

Радыё Свабода.