Як я стаў “чарпаком” (аўдыёверсія)

Аднойчы, калі ўжо тэрмін вайсковай службы падбіраўся да паўгоду, мяне выклікаў намеснік дзяжурнага па палку: “Гэй, салдат! Прозвішча тваё якое?”

– Малодшы сержант Сыс! – гучна адрапартаваў я, прыціскаючы рукі да хэбэ.

– Зайдзі ў дзяжурку. Вось пасылка табе з радзімы прыйшла, забірай!

Усхваляваны нечаканай удачай, бягу з фанернай скрыняй па прыступках на другі паверх казармы: “Хлопцы, пасылка!”

Паводле негалоснага рытуалу, падыйшлі “свае”: землякі з майго аддзялення, ды яшчэ двое, з якімі за паўгоду службы добра пасябравалі.

З дапамогаю штык-нажа адціснулі цвічкі, скінулі фанерчыну. У пасылцы – небагаты “савецкі” набор: 10 пачак цыгарэт “Астра”, дзве бляшанкі згушчанага малака, кавалак салёнага сала, цукеркі, ну і яшчэ асабіста ад маці мяшэчак гарбузовых семак, ды прыгожыя ваўняныя шкарпэткі “на зіму” з пуху хатняй казы Машы.

“Харчы” звычайна размяркоўваліся паміж сваіх, паколькі пры такой логіцы існавала верагоднасць атрымаць нешта і з пасылак сяброў. Таму праз пяць хвілінаў, акрамя двух пачак “Астры”, бляшанкі згушчонкі ды шкарпэтак, нічога не засталося.

Быў час заступаць у нарад, на далёкі лясны пост. Цыгарэты паклаў у кішэні гімнасцёркі, шкарпэткі ў тумбачку, а сам пабег атрымліваць “калаша” і баекамплект.

Праз суткі, вярнуўшыся ў казарму адсыпацца, не мог сабе адмовіць у асалодзе прымераць ваўняную цеплыню роднае хаты ­– матуліны шкарпэткі. Але ў тумбачцы было пуста.

“Днявальны, – крыкнуў я, ­­– хто тут па маёй тумбачцы шнырыў?”

– “Кусок” твае шкарпэткі парэзаў штык-нажом і ў сметніцу выкінуў. Сказаў, што трэба было здаць у капцёрку.

Кроў ударыла мне ў галаву, я ірвануў да капцёркі, схапіў прапара загрудкі і з усяе моцы трэснуў яго аб сцяну. Супакоіўшыся і моцна злякаўшыся, пайшоў і заваліўся ў ложак.

Потым – тэрміновы выклік да камандзіра дывізіёна і загад: 3 сутак гаўптвахты.

Бразнулі жалезныя дзверы, сціхлі крокі старэйшага каравульнага. З цікаўнасцю агледзеў пустую халодную камеру: яно і зразумела – упершыню на “губе”.

Неўзабаве ў дверы ціха пастукаў вартавы, салдат старэйшага прызыву.  Праз невялікае шкляное вакенца паказаў пальцам некуды ўверх камеры. Я агледзеўся і заўважыў маленькія вентыляцыйныя краткі. Расклаў драўляныя нары, скочыў на іх і дацягнуўся да кратак: пальцы намацалі цыгарэту і дзве запалкі…

У глыбокім одуме вяртаючыся з “губы” ў свой дывізіён, я нават не адразу пачуў вокліч: “Эй, “шнурок”, зайдзі ў казарму!”

“Ну ўсё, зараз яшчэ і ад дзядоў адграбу”, – падумаў я.

У казарме мяне абкружылі некалькі “аўтарытэтаў”.

“Ты не бойся, салдат, ты болей не “шнурок”, мы цябе павысілі. Частуйся  цыгарэтай!”

Так я атрымаў сваё пазачарговае званне – “чарпак”. А вось з лычкамі сяржанта давялося развітацца, спецыяльным загадам мяне “павысілі” да яфрэйтара.

1985.

(З цыклу “Падпрастора”, “Дзеяслоў, №75)

Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.