Прадчуванне хваробы (аўдыёверсія)

Учора запазніўся на вячэру, бо дрэнна адчуваў сябе пасля суткавай варты. Ламіла паясніцу і моцна балела галава –  ізноў вецер з Фінскага заліву прарваўся праз балоты Матаксы і прынёс з сабой невыносную салёную вільгаць, якую мой арганізм не трывае нават на дух.  У палкавую сталоўку пайшоў без строю; сытыя шарэнгі ракетных дывізіёнаў, шумна скаціўшыся па лесвіцы з вялікай сопкі, знікалі ў расхрыстанай зеўры казармы.У агромністай, на тысячу байцоў, сталоўцы – пуста, толькі ўдалечыні за апошнім сталом сядзела пяцёра кухараў, ды зямляк-“хлебарэз” з-пад Чачэрску.

Зняможаны, падыходжу да земляка:

– Хадорчык, мо знойдзецца што пад’есці?

­– Бяры вось, што ёсць, — ківае на хлеб, гарбатнік і цукар.

– Дык каб яшчэ і масла кавалачак?

– Смяешся? Адкуль? Хаця б на заўтра хапіла палку на сняданак, – хітраваў землячок.

Бліскучыя, нібыта росныя кавуны на бахчы, твары кухараў моўчкі павярнуліся ў мой бок і, выказаўшы грэблівасць, ізноў пачалі марудна варушыць сківіцамі.

Эх, Хадорчык, – стрымліваючы крыўду, прамаўчаў я. –  Сам жа падпілаваў рашпулям форму для нарэзкі сметанковага масла, ды на сваіх жа хлопцах эканоміш грамы, з якіх праз час “вырастаюць” цэлыя пуды. Ад таго і бруха расце, і трэцяе падбароддзе паклалася на каўнер гімнасцёркі.

Моўчкі дапіў халодную вадкасць, якую па недарэчнасці назвалі чаем… Чарствую і крохкую лусту белага хлеба пакінуў на стале.

Выходзячы са сталоўкі, адчуў, што пагоршала яшчэ болей. Пакратаў лоб – гарачы. “Ну, вось і тэмпература з’явілася! Раніцай, відаць, у санчастку трэба”.

Палярнае ззянне расквечвала дзівоснымі фіранкамі неба над ваенным гарадком, але нават гэты паўночны цуд не цешыў вока. Мацней захутваючыся ў шынэлю, паціху даклыпаў да казармы.  Параўнаўшыся з ложкам “хлебарэза”, спыніўся і з усяе моцы пнуў яго кірзавым ботам.

1983.

(З цыклу “Падпрастора”, “Дзеяслоў, №75)

Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.