Узлёт і падзенне яфрэйтара Валаўня (аўдыёверсія)

Доўгім зімовым вечарам у вялізнай, на 100 чалавек, казарме цікава і весела: некалькі байцоў выхваляюцца сваім умельствам вырабляць розныя піруэты на турніку, нехта слухае савецкую эстраду па тэлеку, час-ад часу грымяць аб падлогу бытоўкі вялізныя гіры, перабіваючы бязладныя гітарныя акорды. Янук Новік піша ліст на радзіму; здагадваюся, што дзяўчыне, бо вочы ягоныя гараць надта мутным полымем. Вунь яфрэйтар Валавень унурыўся на сваім ложку – нешта майструе… Ён можа, бо мастак.

Я ж спрабую расшыфраваць нечытэльнае – напісаны драбнюсенькай лацінкаю ліст ад сябрука Алеся Бяляцкага…

– Гэй, байцы, зірніце сюды! – чуецца вокліч Валаўня.

Азіраюся. Па казарме важным паўлінам у белых сподніках дэфілюе мастак. Не, споднікі на ім не зусім белыя. Падбягаем глянуць: кальсоны на яфрэйтары падобныя да джынсаў – кішэнькі, двайное шво па баках, кідкія надпісы і лэйблы “Wrangler”. Нават заклёпачкі праглядаюцца, быццам сапраўдныя.

Ну, Валавень, ну штукар! Сяржант Куцень тут жа, за пачак цыгарэт з фільтрам “Космас”,  замовіў сабе на майку дзяўчыну ў купальніку, яшчэ некаму закарцела мець падобныя “джынсы”…

Праз колькі дзён перад адбоем можна было назіраць, як дзесятак моднікаў фарсілі па казарме свамі размаляванымі споднікамі.

Паказ сучаснае моды доўжыўся мо з тыдзень. У суботу, пасля лазні, мы атрымалі чыстую бялізну, а ўсе “фірмовыя” кальсоны былі здадзеныя ў пральню.

Прайшоў час і пасля чарговае памыўкі ля капцёркі ўсчаўся сапраўдны вэрхал.  “Валаўня на мыла!” – раўлі байцы, бо ніхто не хацеў браць бялізну ў фантастычных фіялетавых разводах.

Яшчэ доўга пасля таго “тыдня высокай моды” афіцэры-гаспадарнікі кпілі, убачыўшы каго-небудзь з нашага ўзводу:

“Ну што, “версачы”, больш не малюем?”

Вось так і скончылася нашае кароткае захапленне модай.

1983.

(З цыклу “Падпрастора”, “Дзеяслоў, №75)

Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.