Правакацыя (аўдыёверсія)

Неяк крамянай раніцай, калі зіма даволі ўчэпіста трымала ў зубах зямельку,  я порстка крочыў сабе па Гомелі на нараду ў няважна якую, але важную, дзяржаўную ўстанову. Збірацца на нарады начальнікі любяць з раніцы, ведама ж – адраіўся з раніцы і ўвесь дзень вольны. Спяшаюся, напрасткі праз Піянерскі сквер шыбую, даходжу да праспекта. Спыняюся ля пешаходнага пераходу, а тут замінка – бясконцай стужкай імчаць аўтамабілі, а светлафор ці ўжо, ці яшчэ не працуе. Чакаю, пакуль стае цярпення. Патроху назбіралася і мінакоў. От жа нахабства, – думаю сабе. Сам жа, калі за руль сядаю, дык кожнага пешага прапушчаю, а тут – аніякай да цябе ўвагі. Нервуюся і пачынаю разважаць услых: “Дык што ж гэта робіцца? Ну, падумаеш, не працуе светлафор. Але ж тут “зебра” намаляваная і можна вуліцу пераходзіць”. Заўважыўшы побач з сабою зняможанага чаканнем пенсіянера, падбадзёрваю яго ды і сябе заадно: “Гэта, — кажу яму, — не для аўтамабіляў, гэта для нас вуліцы. І пераход для нас, пешаходаў. Трэба проста наважыцца і пераходзіць, нідзе машыны не падзенуцца, павінны спыніцца. Праўда ж наша!” Відаць, я ўрэшце рэшт пераканаў пажылога чалавека, бо ледзь  толькі сам падняў нагу, каб зрабіць першы крок, дзядок рашуча рушыў на праезную частку, проста ў імклівую плынь легкавікоў. Дзіка завішчэлі тармазы, удар, крыкі. Высокае цела пажылога чалавека, нязграбна зрабіўшы ў паветры сальта, адляцела на некалькі метраў наперад. Аўтамабільны рух спыніўся, усчаўся вэрхал, мітусня  і гвалт. З чырвонай іншамаркі выпаўз збялелы ўшчэнт дзяцюк. Пенсіянер не варушыўся. “Капцы”, — падумаў я, і ціхенька выграбся з натоўпу цікаўных гараджан. Адчуваючы, як пад чорным палітонам да спіны мокрай анучай ліпне свежая з раніцы кашуля, пакрочыў на нявартую цяпер ужо нічога, нараду. Ззаду, прыспешваючы маю хаду, падвывала сірэна хуткай дапамогі.

Дзядок той неяк выжыў, я спецыяльна высвятляў праз свае журналісцкія каналы, але моцна пацярпеў.

Ад таго часу лічу сябе правакатарам, можа, нават горшым за таго гістарычнага таварыша Азефа, які сваім прыкладам падбухторваў сяброў-рэвалюцыянераў да дзейнасці супраць цара. А яшчэ ніколі не пераходжу ў тым гіблым месцы вуліцу. Вось з гэтым і жыву.

2005.

(З цыклу “Падпрастора”, “Дзеяслоў, №75)

Аўтар аўдыёверсіі — Сяргей Краснабарод.