Аляксей Ляпін: Памаліцеся за маю грэшную душу!

Жахлівая сітуацыя з мастаком Ляпіным пагаршаецца. Нават мне, сутыкаючыся штодзень з жыццёвым негатывам, робіцца неяк не па сабе. Што ж гэта робяць з чалавекам? І калі гэта ўсё скончыцца?

Вось што напісаў Аляксей Ляпін: «Ну, што Вам напісаць, сябры? А? Я не магу атрымаць перавод. Я працую ў агародзе інтэрната, капаю зямлю. Мне ўчора быў зроблены ўкол, які мне зусім не патрэбны. Я, зліваючыся са сценамі, спрабую проста быць. Кормяць парашай. Тыя, хто на мяне мае зуб, перасталі вітацца. Я ніжэй за плінтус. Неяк пасля працы прывялі на абед. Сяджу, трываю. Абед затрымліваецца. Вырашыў курнуць. Заскокваю ў душавую. Святло не запальваю. Станаўлюся нагамі на ванну, закурваю і выдзімаю дым у вентыляцыю. Чую за дзвярыма шоргат і крыкі «Абед!». Недапалак у зліўную адтуліну. Выскокваю ў пакой. Заходзіць санітар Коля. Ухмыляючыся, прасоўвае нос за дзверы душавой. Я падымаю рукі. Абшуквае кішэні. Знаходзіць запальнічку. Сыходзіць. Чакаю карных мер.

Аляксей Ляпін і Таццяна Біруля. Фота zapraudu.info
Аляксей Ляпін і Таццяна Біруля. Фота zapraudu.info

А ў адказ — цішыня. Стаю, гляджу ў акно. Падыходзіць Коля. «Мне ўжо няма куды класці ўсе запальніцы і запалкі, адабраныя ў цябе», — кажа. Маўчу. «І калі цябе ўжо забяруць ад нас?!” Паціскае плячыма. Дзякуй Богу, не праінфармаваў. Мне сказалі, што калі мяне ловяць з цыгарэтай, то тэрмін арышту павялічваецца на тыдзень. На месяц я ўжо накурыў. Прайшло два з паловай тыдні, як я знаходжуся ў ПКТ псіханеўралагічнага інтэрната №3, Навінкі. ПКТ – палата камернага тыпу. Усё. Цыгарэт няма. Агню няма. Гарбаты няма. Якім будзе мой заўтрашні дзень? Аднаму богу вядома. Памаліцеся за маю грэшную душу! Амінь.

Аляксей Ляпін — мастак, музыкант, паэт. Нарадзіўся 13 мая 1966 года ў Мазыры. Скончыў ДМШ і Мінскае мастацкае вучылішча ім. А.К.Глебава.
Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», «Беларускай газеце», «Беларускай дзелавой газеце». Запісаў 6 альбомаў уласных песень. Змешчаны ў псіханеўралагічны інтэрнат №3 у Навінкі, дзе і жыве.