Люба Турбіна: Вершы-сны і кніга-білінгва

Адметнасць гэтай кнігі ў тым, што яна выйшла ў фармаце білінгва: тут поруч з аўтарскімі рускамоўнымі тэкстамі змешчаныя іх пераклады на беларускую мову.

Незвычайна таксама, што некаторыя вершы маюць некалькі варыянтаў перакладу. Як зазначыў вядоўца вечарыны і перакладчык вершаў Любы Турбіной Сяржук Сыс, жаданне перакласці тэкст, што ўзнікае пасля знаёмства з ім, сведчыць пра дасканаласць твора.

Сяржук Сыс і Люба Турбіна.
Сяржук Сыс і Люба Турбіна.

Над перастварэннем вершаў Любы Турбіной на беларускую мову працавалі таксама перакладчыкі Рэгіна Рэўтовіч, Людка Сільнова, Галіна Дубянецкая, Мікола Шабовіч. Менавіта яны падчас прэзентацыі пасля прачытання арыгіналаў аўтарам прадстаўлялі іх беларускамоўныя варыянты.

Для самой жа паэткі Любы Турбіной вечарына была настальгічна-сентыментальнай. Яна ціха чытала вершы на памяць, баючыся расплакацца, ухваляла пераклады, з цеплынёй прыгадвала часы, калі жыла ў Мінску, успамінала старых сяброў. Любоў Мікалаеўна выказала шкадаванне, што сёння ў Мінску мае ўсё менш і менш знаёмых, але з горадам усё яшчэ злучае лецішча, якое яна мае ў Крыжоўцы. Калісьці менавіта Крыжоўка натхніла яе на напісанне некаторых вершаў. Гісторыяй аднаго з іх — “Крыжоўка, восень, запусценне…” — паэтка падзялілася з гледачамі:

— Калі я вучылася ў Літаратурным інстытуце, быў у нас адзін выкладчык, які вельмі захапляўся творчасцю Аляксандра Блока. Хоць выкладаў ён сучасную літаратуру, кожны занятак пачынаўся і заканчваўся з цытавання Блока. Я тады таксама вельмі захварэла на Блока, было вельмі складана выйсці з-пад гэтага ўплыву. Таму і з’явіўся ў вершы пра Крыжоўку Блок, які ў белым адзенні едзе на веласіпедзе.

Любоў Мікалаеўна адзначыла, што часта піша вершы-сны, але ў сне яна напісала толькі адзін твор — “Мост” (на беларускую мову яго выдатна пераклаў Сяржук Сыс):

— Аднойчы, у свой дзень нараджэння, я ішла па мінскім праспекце і пабачыла чалавека, які прадаваў рамкі для карцін, нейкія іншыя рэчы. На заднім плане стаяла карціна. Узнікла дзіўнае адчуванне: калі я прываблю ўвагу да карціны, то яе адразу ж набудуць. Таму старалася на яе не глядзець. Разумеючы, што на карціну мне грошай не хопіць, набыла нейкую драбязу. Потым, ужо ноччу, прачнулася і пачула, нібыта нехта дыктуе мне верш. Сёння радуюся, што мне хапіла розуму і цярплівасці прачнуцца, каб запісаць яго. Інакш зранку нічога не ўспомніла б. Калі я паказала твор Веніяміну Блажэннаму, ён змяніў толькі адно слова. І сёння гэты верш існуе ў тым жа першапачатковым выглядзе. Але я дагэтуль не ведаю, радавацца мне ці засмучацца, што я так і не набыла тую карціну.

Дарэчы, з паэтам Веніямінам Блажэнным Любоў Турбіна сябравала больш як дзесяцігоддзе. Яна хоць і не прымала яго любові да тэмы смерці, могілак, з задавальненнем праводзіла час за доўгімі гутаркамі з гэтым выдатным творцам. Менавіта Веніяміну Блажэннаму прывечаны верш Любові Мікалаеўны “Дом паэта”, які ў кнізе прадстаўлены ў двух варыянтах перакладу на беларускую мову. Яго перастварылі Сяржук Сыс і Рэгіна Рэўтовіч.

Каб пабачыцца з Любоўю Мікалаеўнай, на вечарыну завіталі яе старыя сябры. Кампазітар Галіна Гарэлава распавяла пра незвычайную манеру Любы Турбіной пісаць лісты:

— Я і сёння з любоўю захоўваю гэтыя незвычайныя памяткі часу і нашага сяброўства. Люба спачатку пісала звычайна на паперы, потым, калі месца ўжо не хапала, яна пачынала пісаць па перыметры старонкі, а пазней — паміж радкоў. Электронны ліст так не напішаш!

Спадарыня Галіна распавяла таксама пра музычныя ўвасабленні вершаў Любы Турбіной, але падкрэсліла:

— Асабіста для мяне паэзія Любові Мікалаеўны настолькі музычная, што я не ўяўляю яе дадатковага музычнага складніка.

Даследчыца літаратуры, доктар філалагічных навук Ірына Скарапанава зазначыла, што творчасць Любы Турбіной можна аднесці да Мінскай школы паэзіі:

— Аўтараў Мінскай школы вылучае прыналежнасць іх творчасці адразу да дзвюх культур — рускай і беларускай. Гэта досыць рэдкая з’ява ў сусветнай культуры. Як правіла, такія аўтары — этнічныя рускія, якія жывуць у Беларусі, ці беларусы, якія пішуць па-руску і маюць цесную сувязь з рускай культурай. Нярэдка зместам іх твораў з’яўляецца Мінск, актыўна выкарыстоўваюцца беларускія рэаліі, гарадскія, нацыянальныя, гістарычныя, этнічныя. Яны арганічна ўплятаюцца ў тэксты твораў. Любоў Турбіна выступае яшчэ і ў якасці ідэйнага медыятара, які збліжае, папулярызуе дасягненні сучаснай рускай літаратуры. І беларускую паэзію яна робіць даступнай для рускага чытача — праз яе пераклады на беларускую мову.

Даследчыца адзначыла таксама адэкватнасць перакладаў вершаў Любы Турбіной на беларускую мову, аднак перакладчыца Галіна Дубянецкая перасцерагла:

— Часам вельмі небяспечна цытаваць арыгінал па перакладзе. Можна патрапіць не ў аўтарскі радок, а ў дадатковую дэталь, якую хочацца бачыць менавіта перакладчыку. Магчыма, для аўтара той радок не меў такога важнага значэння, а быў сэнсава ўзмоцнены пры перакладзе.

У кнігу вершаў Любы Турбіной «Поезд “Минск — Москва” = Цягнік “Мінск — Масква”» ўвайшлі творы, што былі напісаныя ў розныя гады. Але сёння, убачаныя праз прызму часу, яны набываюць новыя адценні як для аўтара, так і для чытача. Пашыраюць прастору вершаў і пераклады, якія паказваюць новыя грані тэкстаў, робяць больш выразнымі некаторыя дэталі. Думаецца, кніга паэзіі Любы Турбіной, выдадзеная ў фармаце білінгва, натхніць і іншых беларускіх выдаўцоў на прадстаўленне перакладаў паэзіі менавіта ў такім фармаце.

Тэкст і фота: Марына Весялуха, для lit-bel.org