“Хадзем са мной”

Разглядаючы другую кніжку Сержука Сыса “Павук”, займеў пачуццё незадаволенасці, таму і пачну адразу  савою аб пень, ці пнём аб саву.

Сяргей Вераціла, 2014 год.
Сяргей Вераціла, 2014 год.

Ведаю, што вынік будзе аднолькавы: саве – балюча. Кнігі – няма. У сэнсе, што кніга ёсць і ў той жа час кнігі няма. Ёсць спроба, паставіўшы пад вершамі даты, скіраваць чытача на тое, што на старонках адбываецца сталенне паэта ці эвалюцыя ад амаль класічных радкоў да шчырага постмадэрну. І гэта лічу вялікай няўдачай. Патлумачу праз вобраз павука, які апантаны ідэяй павуціння. Як толькі павук робіцца павуком, ён пачынае сваю працу ткача і кожны ягоны выраб уражвае нас сваёй дасканаласцю. Як называецца: пачаў і скончыў. Што тут сказаць? – Назва няўдалая, бо не выконвае сваёй непасрэднай функцыі раскрыцця зместу. Але не хачу больш пра кепскае, бо Сяржук Сыс ёсць маім сябрам, а крыўдзіць сяброў – гэта не зусім па-беларуску, хаця, здаецца, якраз па-беларуску.

Ergo, цяпер пра тое, што палюбляю. Неаспрэчнай удачай кніжні ёсць паэтава фота, хоць і пастановачнае, але вельмі ўжо мастацкае. Аўтар у кнізе, на жаль, не ўказаны. Але на нас пазірае твар злодзея, які ўжо нешта скраў ці яшчэ збіраецца нешта скрасці, тут, на млыне: крупы, муку, мяхі, коней, але для паэта: словы, вобразы, рыфмы, пачуцці. І для паэта гэта добра, скрасці і засвойтаць. А зловяць, дык засмяяцца фраерскім вершам, да прыкладу, такім, як “Уварванне ў жабін рай”, які, бясспрэчна, назаву адной з галоўных удачаў гэтай кнігі. Вось ён, вясёла-звонкі голас беларускага балота, з пахам глеістай твані і смакам свежа-белага аеру. А верш “Вып’ем з Месяцам віна” проста конгеніяльны, чытаеш яго і нібыта ўваскрасае Роберт Бёрнс з ясным пафасным адчаем невынішчальнага аптымізму:

Трэснуў лёс, нібы начоўкі:

Я – адзін, яна – адна…

Заўтра месяц прыйдзе зноўку,

Вып’ем з месяцам віна.

Халера, гэта не Бёрнс, а Сыс, але таксама хораша.

Не магу суняцца, назваў бы кніжку “Хадзем са мной” – і было б добра. І пытанняў не было б. Маўляў, гэта ўсяго толькі падарожжа ва ўнутраны свет, у Краіну Паэта і, выбачайце, калі ласка, калі мая краіна вам не даспадобы. Іншай краіны ў мяне для вас няма. А мая, у сэнсе, Сысава, уся засаджаная дрэвамі: дубы, грушы, яблыні з паспелым антонам, сівыя лозы, а пад імі кветкі: ўлюбёныя ляўконіі, букеты з восеньскага лісця, але самыя зваблівыя  для Паэта з кветак – дзяўчаты. Яны для Сыса невычарпальнае радовішча радасці і болю, а і тое і тое служыць натхненню верна. І верш, які просіцца на музыку, каб стаць рамансам “За тое, што ты ціха памірала…”

Цытата з Ісайі для мяне тут залішняя. Хіба Сяржук Сыс яе прыляпіў, каб чытач змог параўнаць, хто тут круцейшы, але, зразумела, што Ісайя, хаця мо хто і паспрачаецца. На густ і колер сп’янелы жук гусю не таварыш, хаця лётаюць абодва.

У савецкія часы да дэфіцытных тавараў, такіх як зялёны гарох, давалі так званую нагрузку, звычайна іржавы селядзец. Такой нагрузкай я лічу раздзелы “Апостраф” і “Чужыя гарады”, хаця ў раздзеле “Апостраф” ёсць паэтычныя ўдачы: уласна сам “Апостраф”, вершы “За вячэрай”, “Навучы мяне не заўважаць”, “Мама, як мне баліць”. Не, выбачаюся, з раздзелам “Апостраф” я, мусіць, перабраў. Гэты раздзел вельмі арганічны і вершы ў ім даробленыя на ўзроўні вершаў. Вось яна ўся паэзія тут, у студэнцкім парку, на могілках, вымагае трызны і трызнення.

Зразумела, што не магу не адзначыць верш, які, нібы цыган, качуе ўжо ў трэцюю кнігу “Ноч, павуцінне сноў..” Сыс лічыць яго шэдэўральным і, мусіць, ня толькі Сыс, і, мусіць, лічыць яго вербалізацыяй удалага фота. А я паставіў бы верш са “Стрэмкі” “Паміж Гомелем і Мінскам”, верш сапраўды шэдэўральны, на маю думку, і фота дапасоўвалася да яго куды як не горай. У якасці рэзюмэ заўважу: што зроблена, то зроблена.

Але яшчэ раз вярнуся да творчасці Сержука Сыса і скажу, што ён не быў бы Паэтам, каб ня ўмеў бязлітасна і люта пашкадаваць сябе. І не думайце, што гэта парадокс, гэта ўсяго толькі верш “Бацькавыя гусі”.

ловіць татка плотак на Дняпры

варыць мама сціплую вячэру

цягнуць гусі тату з-пад гары

мама азіраецца на дзверы…

Вось дзе яна, анталагічная  глыбіня, вось ён тут на роўні з Іёвам і Эклезіястам. Болесна, цяжка і невыпраўна, бо адвечна ад нараджэння да скону і ад скону да нараджэння. А гэта ўжо доля Сысава Нашая Беларуская. Даруй мне ўжо, братка, я тут пра цябе рознага папанапісваў.

Сяргей Вераціла, “Літаратурная Беларусь», №2 (27 лютага 2015 года)