“Янкі…”, альбо трывожны шлях на Лысую Гару

Некалі мой самы першы паход на буржуазную Літву, які доўжыўся амаль дзесяць дзён, скончыўся ў цягнічку “Вільня-Менск”. Старанна давёўшы выраз твару да стану скамянелага грызуна, я лісьліва зазірнуў у вочы мытніка-удава. Гэта выратавала добрую батарэю бутэлек з летувіскімі напоямі ад безумоўнай канфіскацыі. Цяпер – спаць! Але ці заснеш, калі душа трымціць у чаканні хуткай сустрэчы з любай жоначкай ды маленькай дачушкай Стасяй. Урэшце неяк задрамаў, змарыўшыся сузіраць суседку па купэ ў міні-спадніцы.

Праз нейкі час тармозячы, залязгацелі на стыках колы, а за мутным вакном у жнівеньскім надвячорку прыязна ўсміхнулася шыльда “Маладэчна”. Імгненна прыйшло рашэньне: “Навошта мне перціся ў Менск? Тут жа, у Маладэчна, можна перасесьці на рэгіянальную электрычку, якая дакладна спыняецца на станцыі “Зялёнай”, а там і да Лысае Гары, дзе на лецішчы бавіць час жонка з дачкой,  як слінай цвыркнуць. Спехам выскачыў на перон і толькі каля вакенца білетнае касы ўраз сталася млосна: у кішэні – аніводнай тутэйшай банкноты, а банкі, дзе можна было абмяняць валюту – пазачыняліся. На шчасьце, лёс падкінуў маладзёна, які, мусіць дакладна зразумеўшы мой роспач, падараваў запаветны квіток да Менску. Я вольна ўздыхнуў, не ведаючы яшчэ, што прыгоды мае толькі пачынаюцца.

Праз паўтары гадзіны, праведзеных у шчыльным атачэнні змораных вагоннай духатою пасажыраў, на пероне “Зялёнай” цёплай коўдрай цела маё ахутала ноч. І толькі адыйшоўшыся ад станцыі, пад сховай цемры, я ўрэшце зразумеў “галоўную памылку Афанасія”. Наперадзе чакала жахлівае выпрабаванне: амаль 5 кіламетраў пакручастай лясной дарогі з цяжкай торбай падарункаў за сьпінай. Вузкая і зьвілістая сьцяжына да Лысай Гары здавалася віртуальнай і бясконцай. Свой няпросты шлях спачатку я спрабаваў падсвяціць экранам мабільніка, ды неўзабаве акумулятару прыйшоў капец, запальнічка дапамагала слаба, больш апякала пальцы. Я асцярожна намацваў нагамі жвір, я чапляўся за гэтае жыцьцё, выпрастаўшы перад сабой рукі, каб не пацалавацца з дрэвам, і крок за крокам рухаўся ў няісную далячынь. Часам навальваўся адчай, хацелася прастагнаць “а я лягу-прылягу”, ды ўпасьці да раніцы на росны мурог. Толькі  можа гадзіны праз  дзьве скрозь цемру і шаты маўклівых дрэваў прабілася сьціплае сьвятло, на якое я, зьнясілены цяжкім шляхам, завітаў. На ўскрайку дачнага кааператыву, пасярод рамантычнага ў змроку дворыка, сядзелі слынныя буржуазныя нацыяналісты: Максім Клімковіч і Уладзя Ахроменка.  Далёка ў разлогах начнога лесу драбілася рэха хрыплага рыку Сяргея Верацілы, які распавядаў свае дзікія гісторыі, стоячы крыху наводдаль ад святла. Пісьменнікі сьвяткавалі народзіны “Янак…”*

Як кампенсацыю за той драматычны шлях, разам з кілішкам моцнага айчыннага напою, я атрымаў у падарунак асобнік кнігі з памятнымі надпісамі аўтараў пра начную сустрэчу на Лысай Гары.

* «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве» —  адна з кніг, створаная таленавітым дуэтам Максіма Клімковіча і Уладзі Ахроменкі.