Экскурсія па гомельскім “Палацы”

Да шэрагу літаратурных альманахаў, якія апошнім часам былі выдадзеныя ў абласных цэнтрах, нарэшце далучыўся і Гомельскі. Напачатку гэтага года выйшаў у свет першы нумар (каб не апошні!) літаратурнага альманаха Гомельскага абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў “Палац”.  На старонках зборніка прадстаўленыя проза, паэзія, творчая спадчына, гістарычныя і літаратуразнаўчыя матэрыялы, прысвечаныя мінуламу і сучаснасці Гомельскага краю.

Вокладка гомельскага літаратурнага альманаху "Палац". 2014 год.
Вокладка гомельскага літаратурнага альманаху «Палац». 2014 год.

Па праўдзе, на Гомельшчыне гэта не першая спроба сабраць пад адной вокладкай разнастайныя па жанрах і мастацкіх вартасцях творы мясцовых аўтараў,  ды, так бы мовіць, зверыць тамтэйшы  літаратурны пульс. Аглядаючы  мінулае, назаву некалькіх папярэднікаў “Палаца”: гэта, наперш, выхад у свет у 1934, а затым, пасля доўгага перапынку, у 1958 годзе літальманаха “Літаратурны Гомель”. У 90-х гадах выйшлі тры нумары літаратурна-мастацкага альманаха “Магістраль”, выдання няроўнага як  у мастацкіх, так і паліграфічных адносінах, але тым не меней, “Магістраль” давала ўяўленне аб тагачасным літаратурным жыцці ў рэгіёне. Нечаканым і цікавым, на маю думку, стала з’яўленне паэтычнага альманаха “Святло шчымлівай памяці”, які выйшаў з друку ў 2006 годзе накладам 700 асобнікаў.  У зборніку вершаў паэтаў (менавіта так ахарактарызавалі альманах ўкладальнікі — выдавецкае прадпрыемства “Барк”), былі прадстаўленыя каля 80 імёнаў, як досыць вядомых сярод аматараў паэтычнага слова, так і пачаткоўцаў, што яшчэ пачынаюць хапаць творчага пеўня за хвост.

Да выдання самых разнастайных літаратурных анталогій і альманахаў спрычыніўся вялікі руплівец літаратуразнаўства, прафесар ГДУ імя Ф.  Скарыны Іван Штэйнер. Прыгадаю толькі некалькі грунтоўных зборнікаў, якія выйшлі дзякуючы ягоным намаганням: анталогіі лірыкі выпускнікоў ГДУ “Крыніцы”, “Універсітэт літаратурны”, “Рэчыца літаратурная,  “Дняпроўскія матывы”.  Тое, што новы альманах узнік не на творчай няўдобіцы,а на трывалым падмурку, узведзеным папярэднікамі, дазволіла ўкладальнікам смела шыбаваць далей, пазбягаючы ранейшых недахопаў.

Аднак пачнем абяцаную экскурсію:разам зойдзем у “Палац”, нетаропка агледзім светлую залю “Паэзіі”, ганаровую галерэю “Прозы”, ды па лесвіцы “Літаратуразнаўства” падымемся на гаўбец “Спадчыны”…

Паэтычны раздзел атрымаўся багаты як на змест, так і на імёны. Тон тут задае Віктар Ярац. Здаецца, няма на яго творчае стомы: з уласцівай яму гукавой чысцінёй радка, навізной метафар, дакладнасцю паэтычнага параўнання, ён падыходзіць да філасофскага асэнсавання лірычным героем ягонай Радзімы, дзе:

…у жніўны дзень, праменнямі спавіты,

іду пачуць спрадвечны сказ вякоў:

там каласы – праўдзівым шэптам жыта,

там шчырасцю – сінеча васількоў.

Не здае творчых пазіцый і “славянская” –  у добрым сэнсе гэтага слова –  паэтэса Таіса Мельчанка, якая нястомна шукае свае “вытокі“ ў мінулым, ды ўдала прасвечвае іх праз прызму сучаснасці.  Сярод перлін рубрыкі – творы тонкага знаўцы патаемнага сэнсу слоў Генадзя Лапаціна.  А ў веткаўскай паэтэсы Ларысы Раманавай добрая палова вершаў прысвечаная блізкаму ёй па духу Анатолю Сысу.  Дарэчы, яшчэ некалькі аўтараў паэтычнага раздзелу “Палаца” прысвяцілі свае творы выбітнаму гарошкаўскаму паэту.  Верш Алеся Бардоўскага, напрыклад:

Час пераблытаў колеры і стылі

І сам змяніўся – нават не пазнаць.

А сёння дык Сыса у школу не пусцілі,

Дзе ён вучыўся думаць і пісаць…

Паэт са Светлагорску Вадзім Болбас узгадвае яго нават у Празе, дзе, цалкам у беларускай традыцыі, адчуў настальгію па радзіме:

…А я ўспамінаю Сыса, спеў чароўны Забэйды

І далёкі-далёкі за рэчкай дзяўчат карагод…

Для Ганны Новік у вершы “Тут” горад над Сожам наўпрост атаясамліваецца з Анатолем Сысом (…Тут Сыс Анатоль атумечыў па парку…). Вось толькі слова “атумечыў” не дае мне спакою – аніяк не магу дайсці да яго сэнсу.

Застаецца шкадаваць, што для вершаў аднаго з найлепшых паэтаў нашага часу Анатоля Сыса не знайшлося ў альманаху ні лапіка месца, нават у раздзеле “Спадчына”.  Шчыра спадзяюся, што выдаўцы выправяць такую недарэчнасць у наступным нумары альманаха.

Адметныя сваім гучаннем творы маладзейшых паэтаў, прадстаўленыя ў альманаху: постмадэрністкі Ганны Новік, выхаванкі “Бум-Бам-Літу” Арыі-Ульрыкі Гатальскай, у якой прачнулася другое дыханне, пачаткоўца Аляксея Дужага.

Вылучаюцца непадобным стылем мае даўнія творчыя сябрукі, якія пішуць збольшага на расійскай мове – Сяргей Краснабарод і паэт унікальнага лёсу, пустэльнік Уладзімер Агафонаў, вершы якога мне даводзілася пераствараць па-беларуску.

“…ну вот идёт идёт с открытым ртом

смешней смешных красивей всех красивых

идёт шатается над рвом

куда летят от выстрела в затылок…”

                                                                   (“Любовь”)

Да слова, Сяргей Краснабарод – арыгінальны, у нечым філасофска- драматычны празаік, няблага валодае і беларускай паэтычнай мовай, хіба што пакуль не надта верыць у сябе.

Прыемная нечаканка паэтычнага раздзелу – творы вядомага барда Андрэя Мельнікава. На маю думку, найбольш натхнёны Мельнікаў у вершах, якія прысвечаныя роднаму гораду – “Дарога на Гомель” і “Гомель”.

Цікава зазірнуць і ў галерэю “Прозы”.  Раздзел адкрывае лоеўскі даўнар Міхась Даніленка. Ягоныя, у традыцыйным рэчышчы, апавяданні – лірычныя споведзі пра знітаванасць аўтара з прыродай роднага краю (цыкл “Дрэвы і людзі”).  Грунтоўна прадстаўлены ў альманаху празаік  Анатоль Бароўскі. Подступы да рамана “Туман” – пацверджанне трываласці творчага крэда аўтара: асабіста перажытае, лёсы землякоў, пошукі жыццёвага шляху.

Яркай бліскавіцай уварваўся на старонкі “Палаца” няўрымслівы і крыху загадкавы Сяргей Балахонаў, які даўно выпрацаваў свой адметны і пазнавальны стыль.  У альманаху ён публікуе фрагмент рамана “Інфанта і аднарог”, пад назвай “У горадзе лоўчых сноў”. У сучаснае жыццё з волі аўтара ўплятаецца старадаўняя гісторыя і прымушае героеў твора на сабе адчуць ейны подых… аж да мурашак па скуры.

Кранае шчырасцю апавяданне Алеся Брагінца “Надзечка”; па-свойму прыцягальная проза Уладзіміра Лякіна ды Язэпа Крупы.

Раздзел “Спадчына” прадстаўлены годнымі і, на жаль, крыху прызабытымі імёнамі, проза і паэзія якіх тым не меней узбагачае творчы набытак роднай мне Гомельшчыны: празаік Іван Сяркоў (ягоныя аповесці з цыклу “Мы з Санькам…” захаплялі мяне ад самага дзяцінства), празаік і гумарыст Леанід Гаўрылкін, мой ранейшы добры сябра, паэт Іван Кірэйчык і зямляк з-пад Рэчыцы Уладзімір Верамейчык.

Неблагое, аднак супярэчлівае, уражанне пакідае літаратуразнаўчы раздзел.  Дацэнт ГДУ імя Скарыны Дзмітрый Паўлавец знаёміць чытача з “Вандроўкай па Палессі з Іванам Мележам”; Ірына Бароўская шукае новае ў беларускай песеннай лірыцы (даследаванне “Слова паэта песняй адгукнецца…”);  асэнсоўвае феномен кахання ў творах сучасных беларускіх пісьменнікаў Таццяна Фітцнер. Аднак прызнаюся, што ад гэтага раздзелу чакаў большага: вельмі хацелася ўбачыць тут імя прафесара Івана Штэйнера, літаратуразнаўцы, крытыка, вядомага даследчыка літаратуры, паслядоўнага і нястомнага прапагандыста творчасці пісьменнікаў Гомельшчыны. Варта хаця б згадаць ягонае даследванне творчасці Анатоля Сыса «Свае руны мне не вышыць…», а таксама пазнейшыя шматлікія публікацыі на гэтую тэму ў перыёдыцы і тое, што яшчэ схавана ў прафесарскім партфелі.

Вядома, няўдзячная справа даваць парады, няхай сабе і землякам, але не магу не адзначыць, што незаслужана пакінуты па-за ўвагай укладальнікаў раздзел “Драматургія”.  Гомельшчына здаўна мае сваю адметную школу драматургаў, пачатак якой паклалі Вячаслаў Палескі (Станкевіч) і Андрэй Макаёнак, а прадаўжальнікам традыцыі сёння з’яўляецца Васіль Ткачоў. І тут ізноў вяртаюся да асобы Івана Штэйнера, энэргіі і здольнасцяў якога, аказваецца,  стае і на Мельпамену.  Толькі за апошнія два-тры гады ім напісаныя  п’еса-вадэвіль “Кот на лаўках”, гістарычная камедыя “Спакушэнне Францыска Скарыны”,   п’еса “Шлюб па прымусу”; некатарыя з гэтых п’ес прайшлі выпрабаванне сцэнай.  Матэрыял багаты і цікавы.

Апроч драматургіі, у зборнік варта было б улучыць і літаратурныя пераклады, як гэта практыкуецца ў многіх падобных альманахах.  Увогуле, калі казаць пра жанравую разнастайнасць такіх выданняў, выдаўцам “Палаца” варта было б скарыстацца, на маю думку, з досведу берасцейскай “Жырандолі”, якая выдаецца пяць гадоў запар, ды змясціць раздзел публіцыстыкі, а таксама нешта з хронікі літаратурнага жыцця. Вось тады завіруе на старонках “Палаца” жывы складнік літаратурнага працэсу, нешта рэальна-асязальнае.

Ну і апошняя дробка перчыку. Не зусім, здаецца, удала размешчаны гістарычны экскурс “Замак, горад і яго жыхары ў ХVI – ХVIII стст. археолага і краязнаўцы Алега Макушнікава ў раздзеле “Подых часу”. Звычайна пад такой рубрыкай друкуюцца актуаліі, а ніяк не гістарычныя даследванні, для якіх болей пасаваў бы, напрыклад, “Подых даўніны”.

Хочацца спадзявацца на сустрэчу ў наступных нумарах з творамі светлагорскіх паэтаў Соф’і Шах і Ізяслава Катлярова, гамяльчанкі Югасі Каляды (Парашчанка). Калі гэта  стратэгічны запас на будучае – дык добра.

Думаю, што больш грунтоўнае асэнсаванне мастацкіх вартасцяў новага альманаха будзе зроблена чытачамі і крытыкамі. Зазначу відавочнае: гомельскі літаратурны альманах “Палац” выглядае больш цэласным і ўдалым на фоне ранейшых спроб. З’яўленне яго – падзея значная не толькі для літаратурнай Гомельшчыны, але і для ўсёй “правінцыйнай” літаратуры ўвогуле. Хаця і з яе “правінцыйнасцю”трэбадаўно развітацца.

Сяржук Сыс, «Літаратурная Беларусь»