VIVA LA POEZIA!

Гэты тэкст – цікавага мастака і паэта Аляксея Ляпіна. Я толькі пераклаў яго на беларускую мову і, схіляючы галаву, падпісваюся пад гэтам цалкам.

Шум дажджу — паэзія. Узыход Сонца — паэзія. Каханне — паэзія. Смерць — паэзія. Я вось думаю, колькі пачвараў можа быць схавана ў паэце? Хто ён, паэт? Навошта ён, паэт? Чаму ён паэт? Паэт — наркаман, паэт — п’янтос, паэт — самазабойца. Для чаго ён народжаны? У чым яго сэнс? Чаму ўсё так, а не інакш?

Свет выцясняе паэта. Паэт абараняецца вершамі. Свет адкрывае паэту таямніцы быцця, глыбіні падзення, вяршыні духу. Паэт абавязаны выжываць, валакчы на сабе ўсе гэтыя экстрэмальныя станы. Для чаго? Для таго, каб іх апісаць, для таго каб іх адлюстраваць, выказаць тое, што непадуладна часу, месцу, імя самога паэта. Яго ўжо няма. Паэзія жыве незалежна ад яго. Яна ператвараецца ў асобную самадастатковую часціцу светаўспрымання.

Цяпер складаны час. Росквіт застаўся ў мінулым. Зараз паэзія вымушана ваяваць, здзекавацца, зубамі выгрызаць сабе права на існаванне. Паэзія паказвае кіпцюры. Ёй прадракаюць гібель, ёй круцяць пальцам ля скроні, ёй здраджваюць, з яе спрабуюць зрабіць прадажную дзеўку. Ёй падфарбоўваюць вусны, прыбіраюць у підарастычныя строі, проста пазбаўляюць жыцця. А яна жыве. Бадзяецца, хварэе, пакрываецца шолуддзю, хаваецца, мімікруе, на час перастае быць паэзіяй, але жыве. Нікуды не дзенешся ад таго, што паэзіі падуладныя таямніцы спасціжэння свету. Ніякая іншая форма пісьма не валодае той сілай, якая схаваная ў паэзіі.

Паэзія памрэ разам з светам. І хто ведае, можа быць, з’явіцца новы свет, у якім з’явіцца новая паэзія.
Ён будзе больш гарманічны, больш яркі і паэтычны. Паэтамі будуць усе. Цяпер ужо многія людзі — паэты. Хоць могуць і не падазраваць пра гэта. VIVA LA POEZIA! VITA LA POEZIA!

Вельмі добры нарыс пра мастака Аляксея Ляпіна.