Сяржук СЫС: «Я доўга шукаў самога сябе ў жыцці…»

– Шаноўны  Сяргей  Анатольевіч, выхад  Вашага  першага  зборніка  паэзіі «Стрэмка» быў прымеркаваны  да 50-годдзя,  хоць  Вы  пачалі  друкавацца яшчэ ў студэнцкія гады. Чаму шлях да першай кнігі быў такім доўгім? 

Бюлютэнь "Кніганоша", №16, 2012 год.
Бюлютэнь «Кніганоша», №16, 2012 год.

– Сапраўды, шмат вады  сплыло  за той час, калі мог бы мець паэтычную кнігу. Прынамсі, мой першы верш быў надрукаваны ў рэспубліканскім друку яшчэ ў 1975 годзе, а больш-менш сур’ёзная публікацыя з’явілася ў «Маладосці» ў 1986 годзе. Такі доўгі шлях да першай кнігі можна было б патлумачыць рознымі прычынамі. Я часам апраўдваў сябе так: «жыццё доўгае, паспею», альбо: «дачакаюся добрай прапановы ад выдавецтва». Пазней суцяшаў сябе тым, што «ёсць інтэрнэт, і там жывуць мае вершы». Тым часам ішлі гады, аж пакуль прыйшло  сапраўды  рэальнае  разуменне гэтае прычыны.Пра  гэта,  дарэчы,  зусім  нядаўна  напісаў і мой сябар Алесь Бяляцкі ў артыкуле  «Светлы смутак па вечнай Радзіме»: «Ішоў да гэтай кніжкі ён доўга. Дасюль у яго магло быць ужо і некалькі  кніжак,  прынамсі,  напісаных  Сержуком  вершаў  хапіла  б  на  іх. Але магло быць і так, што і гэтая кніжка не з’явілася б.  Чаму?  Дзеля гэтага  трэба  ведаць характар, натуру майго сябра. А натура і тэмперамент у яго – о-го-го!»

Бяляцкі тут у многім мае рацыю. Шчыра прызнаюся, што да  першай  паэтычнай кнігі  многія  гады  ставіўся  ўвогуле  як  да праграмнага дзейства, як да кнігі, якая задае  далейшы  творчы  кірунак  і  вызначае жыццёвае  крэда,  прыхаванае  ў  розных мастацкіх штучках: вобразах, параўнаннях,  метафарах  і  алітэрацыях.  Я ж доўга, цягам  дзесяцігоддзяў,  шукаў  самога  сябе ў  жыцці.  Прывяду  толькі  кавалак  сваёй працоўнай  біяграфіі:  грузчык,  экспе дытар, настаўнік, журналіст, таваразнаўца, рэкламны  спецыяліст,  намеснік  дырэктара  сырнай фабрыкі. Дык, прызнаюся, нават гэтыя працоўныя  хістанні  толькі  ў  малой  ступені адлюстроўваюць  больш  глыбокія  пошукі «Я» ва ўласнай душы. Нарэшце, здаецца, прыйшло разуменне сябе, недзе блізка да свайго пяцідзесяцігоддзя.  Тады і склалася асэнсавана першая паэтычная «Стрэмка». Можа, і запозна, але затое гарманічна.

– У кнізе  прысвячэнняў  Анатолю Сысу  «Ягамосьць»  ёсць  Ваш  верш-прысвячэнне:  «Дагадзіў  жа  ты  мне, Анатоль,  //дагадзіў…  //Хоць  тваімі шляхамі //амаль не хадзіў…».  Анатоль Сыс быў для вас не проста земляком і сябрам. А кім?

– Мне досыць часта даводзіцца адказваць на гэтае  пытанне:  «Хто  ён  быў  для Вас?»  Дзіўна, але з кожным разам гэта рабіць  усё  цяжэй  і  цяжэй.  На жаль, я не магу адназначна і проста адказаць на яго. Я шмат разважаў на гэты  конт,  і  з  гэтых разважанняў  нават  цэлы  артыкул  можна напісаць.Сапраўды, для мяне Анатоль  найперш быў земляком, простым і шчырым, старэйшым і ў нечым больш дасведчаным таварышам. Напрыклад, выправіўшыся з вёскі на вучобу ў Гомель, я адчуваў ягоную падтрымку нават проста ў супадзенні прозвішчаў. На першым курсе Гомельскага ўніверсітэта Анатоль неяк так і сказаў: «Сыс, табе  пашанцавала.  Вучыся і не бойся нікога, а ледзь што – скажаш, што мяне, Сыса, ведаеш… А дзеўкам, як запытаюцца, гавары, што мой сваяк».

Ці былі мы сябрамі? Хіба што віртуальнымі,  паколькі  жыццёвыя  шляхі  нашыя  ў больш   сталым  узросце  пралягалі  далёка адзін   ад  аднога  і  толькі  зрэдку  перакрыжоўваліся ці то ў Мінску, ці то ў Гарошкаве. Аднак частых магчымасцяў  заставацца сам-насам і весці шчырыя размовы нават тады было небагата.

У апошнія гады ягонага жыцця сяброўскія повязі сталі больш трывалыя. Вось прыгадваю, як да матчынага дома ў Заспе, на Лугавой, з грукатам  падкацілі калёсы.  «Тпру, зараза бешаная», –  пачуўся  знаёмы  голас.  Выходжу з двара  і шчыра любуюся Сысом. У адных драных шортах,  збранзавелы,  як  бюст  Грамыкі ў  гомельскім  скверыку,  лысы,  здаровы і  «трохі  ўмазаны».  Толік  эмацыйна  прамаўляе:  «Сяржук,  братка,  прывітанне! Кажуць суседзі, што ты быў у Гарошкаве ды не заспеў нас, дык я каня пазычыў – і да цябе ў Заспу…»

Дык кім жа ён быў для мяне насамрэч? Можа, настаўнікам? Так, магчыма. Пасіянарным паэтычным  настаўнікам,  кожны радок якога прымушаў мяне думаць  пра паэзію, пра сэнс творчасці і сваё месца ў гэтым свеце. Але і гэта не зусім дакладна. Паколькі разам з Сысом, у мой беларускі «настаўніцкі калектыў» уваходзілі Максім Багдановіч, Аркадзь   Куляшоў,  Уладзімір Караткевіч, малады Алесь  Разанаў, нехта, пэўна, яшчэ…

Відаць, адказ на гэтае  пытанне  трэба шукаць менавіта ў нашых зямляцкіх, а можа і ў нявысветленых да канца сваяцкіх  стасунках.  Хутчэй за ўсё ён  быў  для мяне Старэйшым Сысом, часткаю вялікага  зямнога  роду  аднафамільцаў,  параскіданых,  нібыта  драбнюткія  кроплі  іртуці, па  ўсім  свеце  і  якія  захавалі  прыродную ўласцівасць  імкнуцца  разам  у  адзіны  духоўны і еднасны камяк. Адсюль бярэ пача-так і ўсё астатняе: сяброўства, зямляцтва, настаўніцтва.

– У Вас творчая сям’я: Вашая жонка – Галіна Дубянецкая – таксама паэт. Як жывецца двум творцам, двум паэтам пад адным дахам?

– Жывецца цесна. Але гэтая цесната іншага кшталту, чым  можна  адразу  ўявіць. Гэта добрая творчая цесната думак, супольнае  працы,  творчай  палемікі,  гарачых  спрэчак.  Цесна часам настолькі, што бывае задумваешся: ці не паглынем мы адзін  аднога  і  ўрэшце  станем  нечым іншым, а не тымі, кім былі паасобку?

Вяртаючыся да пачатку гэтае размовы, зазначу, што  Галіна  Дубянецкая,  як і  я  сам,  вельмі  доўга  –  два  дзесяцігоддзі  –  ішла  да  сваёй  першай  паэтычнай кнігі.  Кніга вершаў «Анадыямэна»,  як  і многія іншыя творчыя задумы, паўстала менавіта  з  гэтай  цеснаты,  а  першым  і грунтоўным рэдактарам маёй «Стрэмкі» была менавіта Галіна. Усе кірункі нашага творчага  супольніцтва  пералічыць цяжка.  Гэта і абмен ідэямі, і  праца  над перакладамі,  дзе  багаты  досвед  жонкі адыгрывае вялікую ролю, і пошук амаль няўлоўнага і трапнага паэтычнага слова, і  сямейныя  стварэнні  дзіцячых  вершаваных праектаў, і абмеркававанне ўсяго новага, што з’яўляецца на нашай паэтычнай планеце.

Гэты цесны дах – выключны дарунак лёсу, які стаўся  нашым  супольным  творчым жыццём.

«Кніганоша», №16, кастрычнік 2012 года