«Мы ва ўспамінах ажывем не раз»

Пераклады з украінскай паэзіі

21 жніўня 2020 года ва Украіне адзначалася 95-годдзе з дня смерці таленавітага пісьменніка, сатырыка і публіцыста Восіпа Макавея (1867–1925), творчасць якога доўгі час была незаслужана забытая. Адзіная ягоная кніга «пры Саветах» «Вибрані твори» выйшла ў 1954 годзе. Між тым ён падтрымліваў цесныя кантакты з Іванам Франко і Лесяй Украінкай, пісаў сатырычныя фельетоны і гумарыстычныя навелы, скіраваныя супраць буржуазных дэмагогаў і «масквафілаў». Але асобнае месца ў ягоным літаратурным набытку займаюць паэтычныя творы: вершы і паэмы, у якіх найбольш раскрыўся нацыянальны характар творчасці Макавея, ягоны рамантычны лірызм і бязмернае шанаванне роднага краю — Галіччыны. Нездарма некаторыя ягоныя творы сталі народнымі песнямі.

Восіп Макавей

* * *
Наляцела куля з поля,
зазвінела, як пчала, —
Божая, адбудзься, воля,
гэх, казацкая ты доля, —
грудзі куля апякла.

Ўпаў казак, устаць не можа,
наваколле аглядзеў:
«Ах, Карпаты, як тут гожа!
Не ўміраць, а жыць тут, Божа,
ды забілі неспадзеў.

Толькі й шчасця, што ўміраю
на зямлі маіх братоў;
толькі й жаль, што не спазнаю:
можа, з рук іх тут канаю
за правіны шчэ дзядоў.

Дый гатовая магіла,
не магіла, а гара;
досыць, душачка, тужыла,
дзе ты, Украіна міла, —
так далёка да Дняпра».

Без кітайкі, без каліны
пахавалі на вякі,
толькі вецер Верхавіны
панёс вестку да радзіны …
Што за горкі лёс такі…

Крыж

І тут між скалаў крыж! Вось край заганны!
Куды ні глянеш, Бог укрыжаваны.

Няма тут ведаў, толькі – бездань веры,
І ўсюды рабскіх шыбеніц бяз меры.

Зямлёю песні вольныя лунаюць,
А людзі божай літасці чакаюць.

Паганяць твар асветлены прыроды
Ліхім канцом Хрыстовае прыгоды.

А самі д’яблавымі йдуць шляхамі —
Звяругі ад калыскі аж да ямы!

О, Хрысьце, глянь: як тыя Юды і Пілаты
Чакаюць ад Цябе нябеснае адплаты!

Крыжом Тваім аздобіўшы сумленне,
А сэрцы іх, нібы крыжы – з камення.

І шыбеніца ў хатах іх ёсць Богам,
А Ты стаіш, Ісусе, за парогам…

* * *
Калі памром і ўзыйдзем палынамі,
Мы ва ўспамінах ажывем не раз,
Аж покуль побач з нашымі касцямі
Заснуць усе, хто памяталі нас.

І з намі смерць адружыцца дазвання,
наш пыл па сьвеце вецер параздзьме…
Вясна надыйдзе, прыйдзе час кахання,
а нас ніхто не ўспомніць анідзе.

Ды выйдзе некалі самотная дзяўчына
Пагодным днём у ціхамройны лес –
І сцісне сэрца ёй без дай прычыны,
І ейны дзень ад слёз памеркне спрэс.

Тады яна пабачыць нас, пачуе,
Нібыта сон і казку з тых гадоў,
Прымружыць вочы, цяжка засумуе,
Заслухаўшыся ў ціхі сон лясоў.

Сон

Ціхі сон гарамі ходзіць,
За сабою шчасце водзіць.

Лес шуміць як быццам цішай,
Свае кветачкі калыша.

Спіце, сінія званочкі,
Ружы, змружце свае вочкі!

Не шумі, ты, гай зялёны,
Вецер адпачні, сцюдзёны.

Спяць няхай салодка краскі,
Хай ім сняцца сны, як казкі.

Неба ж як запунсавее —
Сонца іх малых сагрэе.

І сагрэе й пацалуе,
І ў сусветы павандруе.

Ціхі сон гарамі ходзіць,
За сабою шчасце водзіць.

Юрый Заўгародны

* * *

згінаецца нехаця лук

супраць уласнае волі

цягне цеціва яго

і страла

не шукае шчылін

у ззянні сляпучым металу

а трапна ўлятае праз дзірку для вока

і падае долу

варожы аслеплы стралок…

хто дзеліць людзей на сваіх і варожых

і недругаў сее паміж сваіх?

* * *

душа без аніякай двоіцца віны…

і глёўкім робіцца лязо ў лажніцы

і сполыхі кавыльнай сівізны

ўкрываюць золата пшаніцы

за неаглядным стэпам

бацькоўскім пракаветным

як дзіва-навіна

расце сцяна

навалаю так хмара наступае

нясе з сабою з Балтыі дажджы…

і я ў плашчы латышскім белым

там да магіл казацкіх прыпадаю…

душа без аніякай двоіцца віны…

і гоніць сябе зноўку на выгнанне

пераўтварае ў попел і дымы

вясны

учорашніх і новых развітанняў

душа без аніякай двоіцца віны…

 * * *

у чорным тунэлі будняў

сціснутых камяніцамі вуліц

грукат і бразгат старых трамваяў

быццам бы водгук

даўнейшых нашых размоў

пра нішто…

у чорным тунэлі будняў

няма ўжо ніякай святасці

ніводнага дня святочнага

для адпачынку

ці хоць для пярэдыху…

у чорным тунэлі будняў

апошняя шчэ не згарэла надзея

выйсці на твой нязгасны агеньчык

што мае свяціць мне на тым канцы

дзе прыхаванае выйсце да родных стэпаў…

у чорным тунэлі будняў…

Рэха свінцовых маланак

Вершы і тэксты патрыятычнай генерацыі сучасных украінскіх творцаў, змешчаныя ў зборніку нацыяналістычнай паэзіі “Рэха свінцовых маланак” – адказ на татальную русіфікацыю Украіны. Як піша ў прадмове да кнігі каардынатар і адзін з аўтараў зборніка Юрый Руф, “галоўная думка, якую аўтары намагаюцца данесці да чытача: неабходна шанаваць уласную мову і культуру, не шукаючы прарокаў у чужой дзяржаве”, вяртацца да гістарычных каранёў. Часам, гэтага бракуе і нам, беларусам…

Юрый Руф

Знакі на целе

Чорным па белым знакі на целе –

Руны агню і выявы багоў,

Вязь абярэгаў чарніламі сцелюць

Спрытнымі рухамі рукі майстроў.

Сіла хаваецца ў перапляценнях,

Шчасце тваё абярэг той збярог

Чорным па скуры знакі на целе –

Ты перасільваеш болю парог.

Сімвалы тыя, крывавыя знакі,

Верна цябе праз жыццё павядуць,

Стрэл Перуновы і злосць ваўкалакаў

Ад ліха і набрыдзі нас зберагуць.

Кніга адкрытая – знакі на целе,

Ты прачытаеш там сэнсы быцця,

Згадку пра тое, што ўславіць хацелі

І перанесці праз рэчку жыцця.

Карпацкая восень

                Ольбегу Рарогу

На хваіне груган крача,

Восень ціха лес залоціць,

Крумкачы ўсё крэсляць кола,

Што Сварог няспынна коціць.

Горы золатам успыхнуць,

У нябёсах ні хмурынкі,

Зіхацяць у далячынях

Нашы пашы і лагчынкі.

Тут ёсць дух мальфарскай сілы,

Тут расце карэнне Роду,

Б’ецца сэрца тут Радзімы

Ды лунае дух свабоды.

Тут звіняць разлегла чары

Моц зямля нам ахвяруе,

У імклівых шумных плынях

Апрышкіўскі дух віруе.

На хваіне груган крача,

Крумкачы нябёсы будзяць,

Старажытная валашка*

Знакам рунаў рукі студзіць.

___________

*Валашка (укр. бартка) – вострая вузканосая сякерка з маленькім тупым абушком.

Добраахвотнікі Божага ўзводу

Ахалоджвае далоні аўтамат,

І сухія твары пылам стэп закурыць.

Час дажджоў змяняецца на град,

А са спелым коласам палі – на снег-віхуры.

Замест звыклае канапы – бліндажы,

Замест даху – капюшон і плашч-палатка,

Паміж свісту мінаў зноўку віражы

І рубцы ад ран – да скону будуць згадкай.

Валанцёры ўзводу Божага яны –

Толькі цьмяны бляск вачэй з-пад балаклавы.

На мяжы святла і цемрыні –

Батальён дабра на варце стаў Дзяржавы.

Алхімія вайны

Ператвараецца тут золата на медзь

калібру 7,62.

Гарыць тут тое, што не мусіла гарэць –

і словы, і трава.

Свінец пераплаўляеца на кроў

цячэ, бы ртуць.

Нянавісцю гартуецца любоў –

вятры пякуць.

Алхімія вайны шукае змест і ў чым жыццё,

У печах разбухтораных стыхій гарыць быццё,

Стары алхімік ісціну шукаў,

ды не знайшоў,

І ўсё, што ёсць, ён у адно змяшаў

і вось, пайшоў.

Нябесны легіён     

Слязьмі крыві пакроплены бялюткі снег –

Рудыя плямы мерзлых душ у зімным полі.

Тут бой адбыўся, і ніхто адсюль ня збег,

Адзін за ўсіх, а разам – за Жыццё і Волю.

Ляцела хваляю нястрымнаю арда,

Жадала смерцю ўсеяць нашы стэпы –

Прыйшла з масквы ад ліхая злыбяда,

Бажочак бласлаўляў “духоўныя іх скрэпы”.

І снег цямнеў ад сажы, і ў небе муць,

Грымелі крумкачовых зграяў песні…

Валькірыі да Белых Вежаў аднясуць

Герояў, што ўступілі ў легіён Нябесны.

Ігар Байчук

Кібаргі

        Абаронцам Данецкага аэрапорта

Зліліся целы з рэшткамі бетону,

Як цень прыліплі да байніц вакон.

Грудзьмі сваімі ладзім абарону,

Жыццё й душу паставіўшы на кон.
Не чуем выбухаў, агонь не апякае,

Ад стрэлаў больш не дзынькае ў вушах,

І смерць, на здзіў, зусім не раздражняе,

Бо ўсе даўно не помняць слова «страх».
Мы сталі перашкодай «каларадам»,

Бо не здалі ім гэтае зямлі.

Штодня засечкі робім на прыкладах,

штодня зацятыя, крывавыя баі.
Без адступлення. Мы руін не здалі.

І Украіну бараніць моц яшчэ е.

Мы кібаргі, мы зробленыя з сталі.

Нас вораг несмяротнымі заве.

Кроў на вугалях

Даўно ўзарваныя дарогі і масты,
Жыццё скарылася ў абдымках долі.
Акружаныя шчыльна блокпасты
Стаяць да перамогі і за волю.

Страляе ў далеч малады салдат,
Трымае зброю за сваю краіну.
Сціскаюць рукі цвёрда аўтамат,
Ды смерць-драпежніца пацэлілася ў спіну.

Пякельны час, паўсюль пякельны жах –
Зямля гарыць ад залпаў і агнёў.
Кроў чырванее ў чорных вугалях
Асвечаная ў полымі баёў.

 Да неба рукі ўзвядзі

Да неба рукі ўзвядзі!

Праведны шлях таруй.

Моцы вагню і вады

Целам сваім адчуй.

Згадай былыя часы,

Слаўных воінаў дух,

Ахвяру багам нясі

У чысты, зялёны луг.

Сябе разняволь, развяжы,

Даверся буйным вятрам.

Прыроды красу беражы,

Прырода – адзіны храм.

Маліцца сабе дазволь,

Сэрцам сваім шчыруй.

Помсці за крыўды і боль,

Ворагу – не даруй.

Законам роду жыві,

Працуй, каб пот па ілбе

Спадаў, як раса з травы.

І будзь заўжды пры сяўбе.

Берагіня роду

       Будучыня нацыі – у руках маці

                              Анарэ дэ Бальзак

Родная, каханая, роду берагіня,

Верная заўжды, і поруч кожны час.

Цеплыні сямейнай, любасці багіня,

Нібы сонца – грэеш, ззяеш, як – алмаз.

Цеплыня крыві тваёй і пяшчота цела,

Што гарыць агнём у хвілі асалод.

Сэрца тваё птушачкай спуджанай трымцела

У часы расстання, страху і нягод.

Твае бездань-вочы, нібы дзве крыніцы –

Іхні бляск чаруе, раніць, бы пчала,

І твой грозны позірк мацеркі-ваўчыцы

У хвіліну гневу, у імгненне зла.

Ты памыеш раны і прыкрыеш з тылу,

Дзеля роду станешся нават хіжаком,

Набірае мужнасці і нязломнай сілы

Будучыня Нацыі з тваім малаком.

Клімовіч

Мацеркам вояў…

А ваўчаняты падрастуць, крыві захочуць,

Ты не трымай, іх трэба адпусціць!

Адбор прыроды кволы не праскочыць,

А моцным шанец славы дай здабыць!

Пусці ў лясы – хай кожны з іх ўбачыць

Нянавісць, грубасць, боль ды эгаізм!

У ваўчанятах тых малых, трымцячых,

Зародзіцца ад спуду гераізм!

І падрастуць яны, і стануць сілай

У абарону маці, быццам грозны меч.

І не трымай іх на грудзях аж да магілы.

Пусці, Ваўчыца, адпусьці іх прэч!

Чырвоны дождж

І зноўку дождж, і зноў чамусь чырвоны.

Салоным шротам скуру апякае.

Па бездаражы роўна йдуць калоны,

Яшчэ не ведаюць, што недзе іх чакае!

Байцы сасмяглі, змораны паходам,

Але як крэмень кожны: моцны, дужы!

За Украіну – што ў агонь ім, што ў балота!

Ёй аддаюць дазвання сэрцы й душы!

Браня блішчыць, наперадзе руіны,

І ворагі апошнія здыхаюць!

Крычаць салдатам: «Слава Украіне!»

«Героям Слава!» ­– у адказ гукаюць!

Лунае песня горда – гімн паходу!

Усмешка па абліччах прабягае:

Яны пайшлі ў бой не за ўзнагароду –

За ўчынак гэты Вечнасць іх прымае.

Янычары

Калыхала каля сэрца маці янычараў,

Падрасталі янычары, хцівыя пачвары.

Пачыналі весці звадкі ды паміж братамі,

Пасварыліся з усімі, адракліся мамы.

Ды не толькі адракліся, а шчэ й катавалі,

Целы белыя і трупы ў лёхі пахавалі.

Рагаталі, катавалі, вось жа суччы дзеці,

Плача матухна сівая – няма дзе іх дзеці.

Запытаўся: «Можа, досыць?», а яны смяюцца,

Гарлапаняць каля хаты, ды ў бацьку плююцца!

Ні святога, ані праўды, ні душы не маюць –

Як араць зямлю, дык бацьку ў плуга запрагаюць!

Ой, вазьмі матуля ўсіх іх, прытулі да цела

Ды й душыць пачні іх моцна, колькі сілы, смела!

Як задушыш – паскладай іх у мяшка якога,

Аднясі іх на край свету, да гайку глухога!

Бяры бацьку і рыдлёўку, хай капае яму,

Закапайце смаркачоў тых пад чортаву браму!

Над зямлёй ў вольным стэпе груганнё крумкачыць –

Закапай тых недаросткаў, каб ніхто не бачыў!

Ну а потым, як схаваеш, сагні нізка спіну,

Каб у Госпада святога адкупіць правіну.

Можа быць, Гасподзь даруе, можа, зразумее,

Толькі не судзі сябе ты, сэрца хай не млее!

Ўсё ты добра, ўсё ты гожа, насамрэч, зрабіла,

Каб па свеце не блукала варожая сіла!

Вось як зараз на Данбасе, на святой Ўкраіне,

Панабрыдла янычараў, паўзбуяла свінняў.

Бацьку рэжуць, маці плача, дзетачак хавае,

Не думаюць, што па смерці ім не будзе рая.

Не гадаюць, дый не трэба, праўды не шукаюць,

Адны свінні шчэ страляюць, іншыя – згніваюць…

Ды не плач, матуля, горка, не прасі падмогі,

Спадзявайся на сябе ты й на святога Бога.

Вось тады, відаць, наступіць мір тут і дастатак,

Як жа ў доме сваім самі навядзем парадак…

Ольбег Рарог

Двойчы не паміраць

Перасякаючы таемна межы ночы,

Нябыту браму трэба перайсці,

Багам арыйскім зазірнуўшы ў вочы

Ды прашчурам, што зніклі ў забыцці,

Ты азірнешся, толькі будзе позна,

Калі адказ трымацьмеш на судзе,

І прадзед запытаецца з пагрозай:

“Што дзеля мэты ты зрабіў, калі, і дзе?”

Тады ў цябе не знойдзецца адказу,

Таму што ўсё жыццё маніў сабе –

І шаблю на паноў не ўзняў ні разу,

Каб не забілі кнутаўём цябе.

Запомні толькі: не ўміраюць двойчы,

І лепей з гонарам загінуць у баі,

Чым апусціць бязвольна долу вочы,

Згарэць ад сораму сярод братоў сваіх…

Баявая замова

Тварам на Поўнач звярнуся –

Продкам сваім пакланюся,

Слова за Род трымаю,

Сілы ў Багоў пытаю!

Куля мяне аблятае,

Жалеза мяне абмінае,

Агонь і вада абцякаюць –

Ворагаў здаганяюць!

Скура мая – панцыр з крыцы,

Кроў жа – з жывой вадзіцы,

Сокалам хутка ўзмятнуся,

Ваўчынай перавярнуся!

Вятрамі ўкрыюся,

Снягамі ўмыюся,

За зямлю стаю,

Свой Род бараню!

Уладзімір Ухач

Паэты

Як у нацыі правадыроў няма,

Тады правадыры яе – паэты.

                          Е. Маланюк.

У вогненным горане плавім метал,

Што ў жылах крыві заместа.

І з кубкаў халодных гарачы запал

Мы ў словах каваных змесцім.

Разбённыя літары сэрцаў знарок

Развеем па свеце мітам.

І ранім душу, нібы спраўны стралок,

Рэчытатывам з граніту.

І рухне пад ногі са шлаку сцяна,

Спрэс у хлусні ды брудзе.

Магутнае рэха тут будзе лунаць,

І праўду пачуюць людзі.

І стлее падману труна, як дзіра,

І путы згніюць дарэшты.

Няма калі ў нацыі правадыра –

Ім стануцца ёй паэты.

Марына Кавальчук

сябрам

барвовыя кветкі ў валоссі.

бэзавае ў сіняках цела.

лета змяняе восень.

белы. чырвоны. белы.

пад снегам – брудныя плямы.

тваё-не-тваё – як смелы.

у кожнай паштоўцы да мамы:

белы, чырвоны, белы.

ныркі – мішэнь, гематомы.

маткавыя крывацёкі.

ад праўды – горкая стома.

любоў. барацьба. уцёкі.

пад сярпамі пазногцяў, між бруду –

вера мая саспела

свабоду ў баі здабуду!

белы! чырвоны! белы!

Вічно закохана

* * *

Жанчына праз вуліцу доўга чакае зялёнае
Пачуцці як і парфумы выветрыць восень шалёная
А шостай за Кіевам цягнікі не прыходзяць свойчасна
І таму для яе чырвонае мабыць ніколі не згасне
Не раз перачытаныя лісты робяцца панацэямі
Мазахісцкімі і аднак ненавязлівымі ідэямі
Жанчына пакут не ведае страшней за чаканне
Анёлы-чорнарабочыя каву дап’юць і сыйдуць як здані
І калі адзін з іх надумае выключыць светлафоры
Жанчына падумае што гэты свет невылечна хворы

Оляна Рута

* * *

Сёння тут пануе пустэча.

Мой сусвет сум трушчыць ізноў.

Раскаціліся сны…

Дарэчы –

Я цябе пазычала і ў сноў.

Сны віруюць па гэты бок Леты.

Я прачнуся ды хутка пайду —

Бо — ня ведаючы — ведаю, дзе ты,

Ці на шчасце, ці на бяду.

Ты вярніся. Па гэты бок ночы

Закалыхвае мару страх.

Ты схавай яго, як захочаш –

Я растану ў тваіх руках.

А растаўшы, напэўна, знікну.

Я ж – ня з тых, хто ёсць насамрэч.

Ты ніколі так жыць не прывыкнеш.

Я ўцяку ў недасяжнае прэч…

Вольга Бражнік

* * *

Душа-матылёк. Карункі крылцаў малых

Хімерна паўстаюць у гушчы кававай.

Камусьці наканавана абараняць тылы,

А іншым – лёсы мераць лякаламі.

Так павялося – да асфальтавай шашы

Нядаўна блукалі хіба што сцежкаю…

Хто лёс у сэканд-хэнд нясе без душы?

Куюць шчасце сваё кавалі. Ну і я кую.

Бетон і шкло, пластмаса й акрылы –

Кожны дзень абрастаем фартэцыямі…

Душа ж – матылёк, а карункі крылаў

Нязменныя – з Атлантыды аж да Венецыі…

Паспешліва прамаўляем спіч, аняго ж,

Пакуем чамаданы і несессеры…

А Папялушка да печы бяжыць басанож.

І стане, стане – верыце? Прынцэсаю!

Ab initio

Скрозь рэгаліі і чыны

Праз тысячы-тысяч міль

Я пастукаюся – адчыні.

Не здзівішся? Гжэчны стыль.

Цісне неба. Жыць не карціць.

Не чакалі? А вось і я!

Дзе арол трохгаловы ляціць – 

Там такая ж паўзе змяя.

Паміж хат загубіўся кат, 

Бачыш танга, а чуеш вальс

І яшчэ ўсё амаль без страт,

Толькі страчаны дзесь аўсвайс.

Пралячу звыш за сотню неб,

Не адзін адамкну замок

Вінаваўцу маіх халеп,

Асалодзе маіх… Маўчок!

* * *

Аддай маё лета –  я кіну будучыя вёсны табе пад ногі.

Аддай маё цела –  яно й не належыць табе, дарэчы.

Багемнае жыццё слепа лепіцца да жыццяў святых і ўбогіх,

То, можа, хто з іх не пагрэбаваў зляпіць бы глечык.

Вакол –  арматура, за спінай – вопыт: урбаністычны вярблюд…

Надзея – падзейнічае? – галубка лісты электронныя носіць…

Дык прысягнуць мне на чым, за тое, што не люблю?

Правую руку адсекчы? Чакай, запляту хоць апошні раз косы.

На зрэзе тваім колцаў векавых не злічыць – хоць трэсні.

Павесіў на шыю ярмо і называеш яго каралямі горда…

Калі мой горад супраць занадта сувязяў цесных –

Дык я супраць таго, каб жыць у такім горадзе.

Чырвонае

Я ўжо за княжымі ваярамі не плачу –

іх расцягнулі ваўкі, груганы падзяўблі

Костку дзе ўбачу – праз плячо на ўдачу

плюну ды й паскачу зайчанём праз палі.

За караля-Сонца – чырвонага, голага,

абы не віцца змяёўнай коламі вакол чашы –

сабе адгрызла хваста аж па самы голаў.

Паміж чырвоным і белым, між немцы ды нашы

Дзяліць больш няма чаго – усё ўжо падзелена,

больш цябе не будзе — не будзе ўжо ад каго.

Ты з мяне чырвонага, я з цябе – белага

напаўсалодкага. Ці Кагор?

Так упіваліся, што ні канца, ні краю,

нягледзячы на ўсе забароны і стыгмы.

Я ўжо табе аплочваю і вяртаю.

Толькі тады возьмеш, калі астыне.

* * *

Еду дахаты – ледзве зямлі кранаюся,

Фара згасла зусім, кола адвалілася…

Што на вячэру, што там, гэй, на камбузе?

Змілуйся, змілуйся…

Змілуйся,

Толькі не плётку, гэтымі рыбамі

Доўга ў святле сафітаў будзе яшчэ смярдзець,

А вунь раней ляпілі людзей хлебнымі глыбамі –

Так і Калядамі, якіх, дзецям нам, не сустрэць.

Еду я,

іду ўжо,

пожнямі, просамі сытымі гну спіну,

Стоўнхэндж

Чуюцца стогны нам – бліскае: блізка,

Хутка ўжо, хутка кашулю тваю апрану.

Мазгі

багравеюць раз’ятрана –  дай мне, дай,

што там на камбузе – тэрцыі, унцыі, ком цу мір…

помсты? рэваншу? Ай –

стронцыю.

Луцкае трыо

Вольга Ляснюк

З цыклу “Дарослыя хлопчыкі і дзяўчынкі”

* * *

хлопча мой

не ляжы на гэтай сырой і не-сваёй зямлі

хлопча расплюшчы вочкі

бачыш ляцяць журавы

і аблізвае восень абеліскі

не твае

дай мне руку

і мы пабяжым у тое бесклапотнае дзяцінства

дзе мой дзед распавядзе пра вайну

на якой ты будзеш самым адважным салдатам

з драўляным аўтаматам

хлопча мой ты не ўмееш страляць

і не трэба мяне ратаваць

прыкрываючы жыццём сваім

хлопча мой я малілася на дрэва

якое ты пасадзіў

але яно не прыжылося і адправілася на ўсход

і хадзіла за табой замест анёла-ахоўніка

зараз яно спее сліўкамі

у кожнай з якіх –

замест костачкі –

гільза

ад прастрэленана твайго жыцця

Паэзія бабы Марыі

Зразумела б мая бабуля

тое, што я пішу?

Не.

І не таму што

не цяміла паэзіі

(хаця, можа й таму).

Яна насіла

у сабе сваю паэзію.

Такую, дзе народная песня

плюсуецца

з салаўём і

мыканнем каровы,

і рохканнем свінні.

«І якой халеры

пад ногі лезеш?»

(гэта да ката).

Яна насіла

паэзію продкаў

(і можа, нашчадкаў

і можа, маю)

у вялікіх сваіх грудзях,

якія вельмі прыгожа

пахіляліся ў такт хацьбы.

Насіла паэзію ў даёнках,

вёдрах і цэбрах.

Разам з малаком,

вадой і памыямі.

Насіла, сыходзячы ў поле,

закінуўшы на плячо цяпку.

І тады, калі расплятала

касу і доўга яе расчэсвала.

І пахла на ўвесь свет

паэзіяй любісты,

крапівы і лапуха.

А потым каса туга скручвалася

і хавалася пад хустку.

І бабуля пад хусткай насіла

паэзію любісты,

крапівы і лапуха.

А колькі паэзіі было

у кожным руху

бабуліных рук,

калі яна сыпала

пшаніцу або кукурузу

курам і гусям.

Бабуля часта

ўпотай плакала –

і для мяне гэта была

загадка глыбокай

і сумнай паэзіі.

Бабуля насіла

у сабе паэзію –

як штодзённы

будзённы абавязак

(не паэтычнае слова,

але менавіта так).

А таго, што я пішу,

ніколі б не зразумела.

Бо мая паэзія

без любісты,

крапівы і лапуха.

І без хусткі.

Каранцінны

Раз – на адной назе,

Яшчэ раз.

А потым тры – на двух.

Ох,

І на кожны скачок –

Па слове:

Каранцін.

Абсервацыя.

Самаізаляцыя.

ШВЛ…

Новая рэальнасць,

У якой слова карона

Набывае іншы сэнс.

І зялёны аўтобус

У маім акне.

Адзіны на ўсю аўтастанцыю.

Відаць, бяздомны.

І сняцца яму дарогі,

Размаляваныя прыпынкі,

Безліч пасажыраў

З усмешкамі не пад маскамі.

Можа, яму сніцца нават Парыж

Ці Рым.

А хто корміць галубоў

У цэнтры Рыма?

А ў цэнтры Луцка – хто?

У трэндзе гэтай вар’яцкай вясны

Пальчаткі з латэксу,

Медыцынскія маскі,

Бязлюдныя набажэнствы

І пахаванні.

Чалавек чалавеку вірус.

Можа, так і застанемся

Слімакамі і ракавінкамі –

Кожны са сваім

Панцырам каранціну.

Трымай, трымай

Дыстанцыю

Адлегласцю ў жыццё!

Мікола Мартынюк

З цыклу «Адлюстраваныя партрэты»

* * *

Я пігмей, ліліпут, карлік, гном…

Я да неба цягнуся без краю.

Я ўвесь свет паліваю дзярмом,

а тады праз сябе прапускаю.

Я тут мерка ўсяго. Я – мой бог.

Людства, цемра, не вызнала бога.

Паміж намі – нявер’я разлог.

Паміж намі – нічога святога.

Не жыву – сярод часу завіс.

Падміргне смерць адліўкаю вока.

Змен не бачна. Было ўсё. Калісь.

І няма для заганы прарока.

Ні святла, далібог, ані змроку ў цішы:

чаша скепсісу – д’ябла прынада.

Раствараю ўвесь свет у душы,

разам з ім выпадаю в асадак.

Ад яго адракуся. У сэрцы крычаць

жалі немыя, спеў і сумнеў…

На ўсім свеце Іуды пячаць.

Ну а свету пячаць – дык на мне…

* * *

З лёсам у карты? Чаму і не выйграць бы?

Ёсць і амбіцыі – чысты азарт.

Між кракадзілам і пашчаю тыгра ты?

Стаўкі да неба? Ці выйгрыш не фарт?

Вось жа і наслана, як не сурочана,

Шанцы слабыя… Ці й іх хто дае?

Стаўкі да нас і за нас ужо скончаны:

Доля – рулетка, гулец і круп’е.

Хто тут рассудзіць – нам карты ці краты?

Маем адно, хто як жыў ці служыў:

Не нарадзіўся, то смерці не варты,

А не памёр, то хіба такі жыў?

Дзякуй жыццю ўсё ж, нібы інквізітару:

Дзвюх не спазнаем мы судных гадзін.

Выбар усякі – ілюзія выбару,

Правільны выбар – дакладна адзін.

Судны дзень

Ноч спраўляе за днём паніхіду.

Вока неба бляднее мярцьвей.

У хаосе блукаюць прывіды.

Эфемерныя здані людзей.

Гэта зорны твой час, эра страты!..

Лёсаў згублены храм – варты куш.

Мы сляпыя, як ноч, герастраты,

Інквізітары ўласных жа душ.

Славу продкаў у багну ўтапталі.

Памяць роду?.. Пачвары з пачвар.

Мы з асілкаў пігмеямі сталі

З найганебным таўром «янычар».

Злом эпох. Злом ідэй. Крах ілюзій.

Судны дзень. Чорным скроплены свет.

І жыццё… На пагібельным крузе

Выпраўляе за нас запавет.

* * *

У нашага мінулага

шрамы

ад татарскага зелля

прыпалыя попелам

сасмяглых папялішчаў

якія дагэтуль жываточаць

запаветным мірам

У нашае будучыні

рэзкі пах

свежасцятага аеру

А мы адно

плюшнік плюшнік

плюскочам

і шпурнуўшы

наводмаш старыя граблі

упарта і густа

пасыпаем галаву

попелам

Дзякуй Богу

не абдзялілі нас

шматлікія татары

і янычары

на скрыжаваннях

і ўсцяж

эпох

Сюррэалістычнае

Нахаба-лета: да аблок

Галее голле.

І поўня ў небе, крывасмок,

Шаткуе долі.

На бляклым месяцы бяльмо,

А ноч – памерці.

Лунае цень над намі – мо

Шукае смерці.

Чуваць жахлівы крык савы,

Нібы ў кананні…

І свет, як свечкі воск сівы,

Вось-вось растане.

Упала знічка неўспадзеў

На дно прадоння…

Сябе спытаць я не паспеў:

А хто я сёння?

Шматае вецер ноч аб дах,

Аж енчыць, сука,

А тая, што завуць Бяда, –

Канае ў муках.

Жыццё сурочыла яна

Калісь малому.

Я сек яе аж давідна,

Прагнаўшы стому.

Ды хутка рана зажыве,

Забачаць вочы.

І ў сэрцы ўжо нішто павек

Не заскрыгоча.

Я той, хто рве душу знутры.

Бо рваць штось маю!

І ў апраметнай на кастры

Чакай адчаю.

Блукае поўня ў бурунах

Па неба моры,

Нібы самотны дзікі птах,

Збірае зоры.

Еліна Форманюк

Ганчар

ганчар заўсёды

павінен быць

мужчынам

бо толькі ягоныя пальцы

у гліну прарастаюць

да раю бліжэй

ганчар павінен быць

Майсеем

бо ў абодвух

нават сны

аб глебе абяцанай

ганчар

ваду прымаўкамі

асвячае

і ходзіць толькі

да палонкі

ноч рэшатам выносіць

ён знаёмы

хіба толькі з поўняй

бо на ёй

хаос святлом памазаны

ганчар мае

быць табой

ты жанчыну

з мёду зляпіў

* * *

вецер сточвае твае крылы

валасы расплаўляе ў мёд сонца

ты б яму нават сон хрысціла

бясконца

ці мадоннай была, ці жанчынкай

кветак вартай і кавы ранкам

перавабленая з гораду інкаў

паланянка

навылёт свечка грэе рану

ад калыскі ў цішы безаблічнай

толькі ўхутанымі краямі

вырай кліча

І не мёд не горкі як кава

постаць цёмная вочы маці

крылы сточаныя і русявыя

і не ўзняць іх

Анёл

Дай мне руку сваю ў журбе і пяшчоце

Дахаты гайда – у сонца калыску

Міг звяжуць лозы, дзе храснуў ты ў плоце

Згадка паветраным змеем звісае блізка

Ірвішчы акопаў пад кавылямі

Да далягляду ўюцца зданню нібыта

Над сцягам схілены вербы з крукамі

Плача на ўгорку Дзева Абіда

Людзі замецены снегам і градам

Удовы і бітвы ўраслі ў дол бы рэбры

Там дзе з табою мы ўрэшце асядзем

Ціха святло разальецца і срэбра

Пятро Куцэнка

Песня

Колькі шчасця ў белым свеце!

Колькі радасці – на здзіў!

За той радасцю і дзівам

Босы бацька мой хадзіў.

А сівая маці – шчасце,

Дзень у дзень, ноч пры начы,

Усміхалася, збірала –

Не змагла пералічыць.

Я ў кашулю выхадную

Ды за радасцямі ў шлях,

У грудзях боль – зараз чую,

Жар і прысак – у руках.

Дзе ж ты, бацька? Дзе ж ты, маці?

Толькі коні грукацяць.

Шчасце, доля, Жар і прысак –

Скрозь гады мае ляцяць.

* * *

Дзе йграў аркестр і рэўнасцю хварэў

Не я і не адзін у свеце цэлым –

Там вечны дождж у гарадку сцішэлым,

І ў залах вечароў – цяпла павеў.

І скрыпкі з найпяшчотнае смугі,

І з дрогкіх ценяў флейты і кларнеты,

Сырыя залі, поўныя сакрэтаў,

Схаваныя у бэз і мурагі.

Аркестр граў ня тое, не аб тым,

У цемрадзі галавакружнай залі,

Са струн і лісцяў кроплі напаўзалі

На твар гарачы холадам густым.

На вочы і на вусны кропляў рой

Садзіўся і студзіў іх усё болей,

А музыка да спазмаў і да болю

Была адчайнай, простай, трапяткой.

І расцякалася, і множыла сляды,

Авеяная смагай і жаданнем,

І, захапіўшы ўсё сабой дазвання,

Ляцела і ляціць ужо гады

Чароўным ззяннем проста ў цемрыню.

Дык дзе ж сяйво дажджу і тыя гукі?

Дзе шчасця глыбіня і вечнай мукі?

Дзе грае той аркестар? І каму?

Станіслаў Рэп’ях

Родны Чарнігаў

За Дзясною, дзе абшары

У смузе зялёнай,

Б’е світанак смуглатвары

Васільковым звонам.

Серабрацца, ззяюць промні

Радасцю бясконцай,

Гэта родны мой Чарнігаў –

Горад сонца.

Крочыць ветлы дзень па бруку,

Грае на цымбалах,

Падаюць саборы руку

Маладым кварталам.

Самалёты ў небе сінім

Нацягнулі струны.

Старажытны мой Чарнігаў –

Горад юны.

У абновах расквітаюць

Вуліцы, майданы.

Тут наўкола людзі маюць

Душы-акіяны,

Тут падковаю вясёлка

Зіхаціць – не згасці.

Гэта родны мой Чарнігаў –

Горад шчасця.

Чорная княжна

Яна сюды прыходзіць з-за Дзясны,

Лаўлю пагляд яе, пачуўшы крокі…

У позірку – цень будучай вясны

І небакрай мінуўшчыны далёкай.

Чорная княжна – то вачэй глыбіня

З далячыні, што ззяе-яснее.

Чорная княжна – год сівых быстрыня,

І каханне маё, і надзея.

Чорная княжна – гадоў быстрыня.

Вал старадаўні перайшла княжна,

І бледны твар растаў у камяніцах,

Самотная прыйшла сюды яна

Да бацькавай магілы пакланіцца.

Нябеснай сілы таямніца ў ёй

І прага неадольная кахання.

З легенды выйшла велічна-жывой,

Каб стаць славянскім хараством дазвання.

Чорная княжна – то вачэй глыбіня

З далячыні, што ззяе-яснее.

Чорная княжна – год сівых быстрыня,

І каханне маё, і надзея.

Чорная княжна – гадоў быстрыня.