“Люблю мой край, старонку гэту…”

Gomel-kuranty-2

Старадаўны парк па-над стромкім берагам Сожа – візітная картка Гомеля. Некалі гэты маляўнічы куток горада з палацам Румянцавых-Паскевічаў лічыўся адным з найпрыгажэйшых на абшарах савецкай імперыі. Збольшага парк не страціў свайго хараства і зараз, хаця ў апошнія часы і ён не пазбег прыкрых зменаў, слядоў сучаснай эрзацкультуры, якая спехам ствараецца для масавага спажывання. Тым не меней, праходзячы лёгкімі масточкамі над глыбокімі ярамі, паглыбляючыся ў шаты ўнікальных, векавых дрэў, знаходзіш урэшце заспакаенне. І ахінае цябе ўсведамленне няспешнасціЯго вялікасці часу. Шолах лістоты над галавою ды ледзь чутны плёскат ракі недзе ўнізе – сугучныя асабістаму настрою, таму на іх амаль не звяртаеш увагі. Мудрая цішыня забірае цябе ў абдымкі і не адразу слых рэагуе на гукі мелодыі, якія нечакана выплывуць раптам з абакружжа ліпаў і дубоў. Гэта гадзіннік на высокай прамакутнай вежы Паскевічавага палаца нагадвае: час усё ж імкліва рухаецца некуды, можа нават сплываючы на поўдзень разам з цёмнаю сожскаю вадою.

Над паркам плывуць мілосныя гукі песні “Люблю наш край, старонку гэту…”. Пранікнёныя і шчырыя словы напісаны адзінаццацігадовай Косткай, вядомай беларускай паэткай Канстанцыяй Буйлойяшчэ ў 1910 годзе. Але і дагэтуль, цягам, лічы, стагоддзя, уражваюць і кранаюць сучасніка радкі яе верша чысцінёй юнацкіх пачуццяў, светлым каханнем да роднай старонкі. Асабіста маё знаёмства з песняй, – а найперш (у адрозненне ад досведу многіх іншых аматараў паэзіі) была мелодыя, – адбылося вельмі даўно. Здаецца, пасля чацвёртага класа маці выпраўляла мяне ў піянерскі лагер у Клёнкі (зона адпачынку пад Гомлем). Тады да Клёнак зручна было дабірацца рачным цеплаходам. Памятаю, як зачаравана сядзеў на верхняй палубе і шырока расплюснутымі вачыма ўглядаўся ў высокі бераг Сожа, пазіраў на волаты-дрэвы, між якіх праглядвалі шыкоўныя палацавыя будынкі, казачная каплічка, высокі фарсісты комін старадаўнага цукровага завода. Якраз тады, на імпэтнай прамакутнай вежы і азваліся для мяне ўпершыню гомельскія куранты; далёка, нават за рачным заломам, паплылі распеўныя і крыху самотныя гукі мелодыі. На той час і здагадацца было няможна, што песня гэтая так і застанецца са мною на доўгія гады: спачатку падчас вучобы ў мясцовым універсітэце, затым пазней, калі працаваў і жыў у Гомелі. А жыццё у гэтым “прыморска-курортным” (зыходзячы з меркаваннняў прыезжых) горадзе немагчыма, у прынцыпе, без сустрэч з паркам, сустрэч з любімай мелодыяй.

Цікава, што куранты былі ўсталяваныя на вежы пад час валодання палацам святлейшым князем Фёдарам Паскевічам-Эрыванскім у сярэдзіне IХ стагоддзя. Не захавалася звестак пра тое, ці гучала штогадзінна тады нейкая мелодыя, а вось амаль увесь савецкі час механізм гадзінніка выводзіў мелодыю “Люблю мой край , старонку гэту …” .

Да таго ж, спачатку з цікаўнасці, а затым сведама, па ўнутранай патрэбе, позна ўвечары я ўключаў транзістарны прыёмнік “Акеан-214”, бегунок якога, на кароткахвалевай шкале, амаль нязменна спачываў на 31-ым або 41 метры. На вядомых многім частотах радыё “Свабода” штодзень гучалі і працягваюць гучаць славутыя пазыўныя: “Люблю наш край, старонку гэту”. Тут, у радыёэфіры, найчасцей і адбываюцца нашыя спатканні сёння.

Дарэчы будзе прыгадаць адзін выпадак. Сустрэў неяк у Гомелі на праспекце  знаёмага, асобу з калятворчага асяродку. На дзяжурнае пытанне пра справы, між іншым, той раптам прызнаўся, што намерваецца стварыць песню-гімн пра Гомель. “Музыка ўжо ёсць, штогадзінна гучыць на палацавай вежы, што ў парку, засталося напісаць толькі тэкст”, – паведаміў ён. Давялося распавесці земляку пра верш Канстанцыі Буйлы, які з часам зрабіўся вядомай песняй. Сам жа задумаўся і з прыкрасцю прызнаўся сабе: дальбог, аўтара музыкі я ж і сам ня ведаю. Тады, памятаю, і адшукаліся ва ўспамінах Буйлы пад назвай “Гісторыя аднаго верша” заўвагі паэткі аб тым, што музыка гэтай песні народная. Тыя словы паэткі увесь час тыражавалі і паўтаралі многія энцыклапедычныя і бібліяграфічныя выданні. Толькі значна пазней высветлілася, што гэты Косткін дыямент у дыхтоўную аправу з нот змясціў вядомы беларускі кампазітар Мікола Равенскі. Гэты таленавіты музыка з’яўляецца, дарэчы, аўтарам музыкі і да верша Арсенневай “Магутны Божа”, і да купалаўскага “Мой родны кут”, і да словаў многіх іншых беларускіх творцаў. Але ж ці магла ведаць свайго кампазітара паэтка, якую лёс яшчэ зусім маладзенькай закінуў у Маскву, у замужжа, а славуты кампазітар Равенскі вымушаны быў эміграваць у Германію, а затым у Бельгію, дзе неўзабаве і знайшоў свой спачын у тамтэйшым гарадку Лёване. Толькі праз 12 гадоў пасля стварэння Канстанцыяй гэтага хрэстаматыйнага твора, песня была надрукаваная ў “Зборніку песняў з нотамі”. А яшчэ ў гонар Равенскага ў Магілёве праводзіцца фестываль «Магутны Божа»,  аўтарытэтны ў Еўропе конкурс выканаўцаў класічнай і сучаснай прафесійнай хрысціянскай музыкі.

Больш за стагоддзе вершу, які стаўся для беларусаў усяго свету ўвасабленнем свабоды, веры і кахання. І як хораша, што кожны дзень гучыць мелодыя гэтае чароўнае песні над Гомлем! Прабачце, гучала да нядаўнага часу. Два гады таму, пад час здымкаў дакументальнага фільма пра паэта Анатоля Сыса (“Сыс пра Сыса”), разам са здымачнай групай беластоцкіх беларусаў мы апынуліся ў гомельскім парку. Я прапанаваў тады рэжысёру Міколу Ваўранюку пачакаць паўгадзінкі, каб паслухаць чароўную мелодыю Міколы Равенскага. Праз некаторы час зварухнуўся гадзіннік на палацавай вежы, і загучаў над Сожам…  урачысты незнаёмы марш. Вось так, скарыстаўшыся вялікай рэканструкцыяй, мясцовыя чыноўнікі змянілі чароўную беларускую мелодыю на папурры з песень часоў баявых паходаў фельдмаршала Івана Паскевіча.  Але вось жа якое дзіўнае здарэнне напаткала адрэстаўраваны гадзіннік! Мінулым летам пад час вялікай навальніцы у вежу патрапіла маланка і дасканалае электроннае начынне не вытрывала: стрэлкі гадзінніка надоўга спыніліся.

Аднак засталася памяць, і зрэдчас, калі наведваю гомельскі парк, мне ўсё адно чуецца, як скрозь перашэпты дрэў і шматгалосы спеў птушак, гучыць мелодыя песні  “Люблю мой край, старонку гэту…”. Тады я прасякаюся верай, што несмяротны сімбіёз Канстанцыі Буйлы і музыканта, творчасць якога так доўга была забытай на Бацькаўшчыне, Міколы Равенскага, абавязкова некалі пацешыць слых беларусаў. Мы гэтага яшчэ вартыя!

Апублікавана ў часопісе «Наша Вера», 2014 год.

Фота Аляксандра Лойкі.